Берлінскі суд не дазволіў уладальнікам кватэраў прымаць турыстаў


Адміністрацыйны суд пакінуў у сіле забарону на кароткатэрміновую арэнду кватэраў для турыстаў, якая дзейнічае з 1 траўня.

У прысудзе адміністрацыйны суд таксама адзначыў, што забарона не супярэчыць канстытуцыі і не парушае прынцыпу аховы прыватнай уласнасці.

На гэтыя гарантаваныя канстытуцыяй правы спасылаліся чатыры ўладальнікі берлінскіх кватэраў, што здаюцца на кароткія тэрміны турыстам.

Суд адхіліў скаргі, патлумачыўшы, што мэтай берлінскіх законаў была барацьба з ростам цэнаў на кватэры, якіх бракуе на рынку акурат праз тое, што частка з іх здаецца турыстам, а не сталым жыхарам.

Згодна з законам у сталіцы Нямеччыны нельга здаваць уласную кватэру турыстам – максімум адзін пакой. За парушэнне закону пагражае штраф у памеры да 100 тыс. еўраў. Улады заклікаюць грамадзянаў ананімна паведамляць праз інтэрнэт пра суседзяў, якія працягваюць нелегальна здаваць кватэры напрыклад праз парталы кшталту «Airbnb».

У той жа час у Мадрыдзе суд скасаваў уведзеную два гады таму забарону, паводле якой нельга здаваць кватэру турыстам на тэрмін, меншы за 5 дзён. Паводле «Reuters», закон не выконваўся строга, але павысіў папулярнасць сталічных гатэляў. Рашэнне аб адмене было прынятае пасля скаргі арганізацыі, якая здае ў арэнду кватэры.

У Мадрыдзе таксама ўжываўся аргумент наконт таго, што арэнда кватэраў для турыстаў абмяжоўвае прапанову і прыводзіць да росту цэнаў для жыхароў.

НМ, belsat.eu, паводле Pap.pl

Стужка навінаў