«Берасцесельмаш» гандлюе з ЛНР?


Беларускае прадпрыемства «Берасцесельмаш» зацікаўленае ў продажы сваіх вырабаў кампаніям на тэрыторыі непрызнанай «Луганскай народнай рэспублікі». Падставаю гэтак сцвярджаць сталася рэкламная абвестка, змешчаная на сайце гораду Антрацыт.

«Гэта пытанне крывадушша ўлады, бо гэта дзяржаўнае прадпрыемства. Адным пальчыкам калі б наш кіраўнік краіны памахаў, то ніякіх паставак, ніякіх пытанняў бы з такімі пастаўкамі не стаяла. Але гэта гульні. Гульня з аднаго боку падтрымліваць рэзалюцыі і агульныя прапановы еўрапейскага характару, а з іншага боку – пастаўляць прадукцыю, парушаючы гэтыя ж самыя дамовы», – кажа Валянцін Лазарэнкаў з сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада».

Згодна з тэкстам аб’явы, «Берасцесельмаш» прапаноўвае прамысловыя абагравальнікі для жывёлагадоўчых і птушкагадоўчых фермаў, цэхаў, ангараў і складоў. Сваю прадукцыю айчынны вытворца не супраць нават самастойна змантаваць, а таксама правесці навучанне персаналу.

Ва Украіне за гандаль замежных прадпрыемстваў з непрызнанымі ДНР і ЛНР дзеяць санкцыі. Пра ўвядзенне іх у дачыненні шэрагу беларускіх прадпрыемстваў неаднаразова папярэджваў афіцыйны Кіеў.

belsat.eu

Стужка навінаў