Берасцейцы зноў выйшлі на плошчу супраць акумулятарнага заводу. Ёсць затрыманыя


Каля ста чалавек прыйшло на цэнтральную плошчу Берасця, каб зноў паказаць уладам – мы супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу.

Абноўлена. Праваабаронца Раман Кісляк паведаміў, што Сяргей Пятрухін, Аляксандр Кабанаў і Зміцер Андрасюк афіцыйна затрыманыя. На іх склалі пратаколы паводле арт. 23.34 КаАП («парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў»), кажа Кісляк.

Да суду затрыманых памясцілі ў Берасцейскі ІЧУ. Таксама Belsat.eu стала вядома, што міліцыя масава наведвае анархістаў і шукае тых, хто ўчора правеў акцыю супраць заводу.


На плошчу людзі выходзяць па нядзелях з лютага, і пакуль абыходзіцца без масавых затрыманняў, пры гэтым акцыі адбываўся пад пільным наглядам супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным. Але ўлады ўсе ж аказваюць ціск на праціўнікаў заводу. Па інфармацыі якая паступала ад актывіста Аляксандра Кабанава вядома пра два выпадкі, калі людзей за ўдзел у акцыях звальнялі з працы.

«Мы даем тыдзень уладам, калі людзей не ўзновяць на працы, мы прымем больш рашучыя дзеянні і агучым усю гэту інфармацыю», – кажа Аляксандр Кабанаў.

Нагадаем, што самога актывіста некалькі раз затрымлівалі і прысуджалі вялікія штрафы ўдзел у акцыях.

Пасля правядзення акцыі блогеры Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін каля цэнтральнага рынку Берасця збіралі подпісы за адстаўку кіраўніцтва Берасцейскай вобласці, Берасця і Берасцейскага раёну, яны былі затрыманыя людзьмі ў цывільным, імі апынуліся супрацоўнікі берасцейскага АМАПу. Зараз іх прывезлі ў Ленінскі РАУС Берасця. Пятрухіна павялі ў само памяшканне, а Кабананаў і яшчэ адзін затрыманы Зміцер Андрасюк знаходзяцца ў машыне АМАПа. Мы будзем сачыць за развіццём падзей.

На відэа момант затрымання пасля 20-й хвіліны.

Супрацоўнікі міліцыі часам ствараюць кур’ёзныя сітуацыі, мы распавядалі, як «ціхары» спрабавалі замаскавацца пад удзельнікаў пратэсту. Гэтым разам участковы Маскоўскага РАУСу Уладзімір Шмялёў даслаў 5 траўня аднаму з актывістаў позву ў міліцыю з патрабаваннем прыйсці ў апорны пункт 4 траўня. Тым часам дзёрзкую акцыю супраць заводу 5 сакавіка правялі анархісты.

ЦЛ, belsat.eu

Стужка навінаў