На Берасцейшчыне абласныя і гарадскія ўлады не звяртаюць увагі на патрабаванне людзей спыніць будоўлю акумулятарнага заводу недалёка ад гораду. Нягледзячы на тое, што сабрана 36 тысяч подпісаў супраць будаўніцтва заводу, улады на звароты грамадзянаў адказваюць адпіскамі.
Жыхары гораду і бліжэйшых тэрыторый апасаюцца патэнцыйна небяспечных выкідаў, а ўлады не бачаць у гэтым праблемы, і адказваюць берасцейцам, што завод будзе пабудаваны.
Цяпер незадаволеныя берасцейцы абмяркоўваюць магчымасць перайсці да вулічных пратэстаў, у тым выпадку, калі ўлады не спыняць будоўлю. У прыватнасці пра намер выйсці на плошчу заявіў актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Кабанаў.
«Я высоўваю ўльтыматум уладзе: калі праз тыдзень будоўля заводу не спыніцца, то я выйду на плошчу. Буду ў мегафон распавядаць людзям пра шкоду завода. Пра тое, што будаўніцтва трэба спыніць. І што такія формы пратэсту будуць праходзіць кожную нядзелю», – распавёў ён belsat.eu.
Падобны варыянт развіцця падзей падтрымліваюць шматлікія берасцейцы – пра гэта belsat.eu заявіў праваабаронца Раман Кісляк.
«Лічу, што ўлады давялі людзей да такога пратэсту. Больш за тое, намер выйсці на плошчу – гэта яшчэ лёгкі варыянт. Многія людзі, з якімі я размаўляў, якія там жывуць, гатовыя наогул перакрываць гэтую будоўлю. Людзі ўбачылі як да іх ставяцца, убачылі адказы ўладаў і ўжо не вераць у прававыя механізмы. Таму падобнае і адбываецца».
Берасцейцы супраць заводу. Сюжэт «Аб’ектыву» за 6 снежня
ЦЛ, belsat.eu