Берасцейцам прапануюць сямейны адпачынак за... $ 8 тысяч


Дзесяць дзён у элітным пяцізоркавым гатэлі «Maxx Royal Belek Golf Resort» у турэцкім Белеку для дзвюх дарослых і аднаго дзіцяці абыдзецца ў 8019 долараў. Праўда, як прызнаюцца ў берасцейскай фірме «Крыс», гэты тур не ўдаецца прадаць ужо два гады.

Шыкоўны комплекс «Maxx Royal Belek» месціцца на ўзбярэжжы Міжземнага мора. Да паслуг гасцей 7 басейнаў і 5 рэстаранаў. На тэрыторыі дзейнічае парк забаваў, а таксама добраўпарадкавана гольф-поле сусветнага класа.

За 8019 долараў вы можаце атрымаць 10 дзён адпачынку па сістэме «ўсё ўключана» з вылетам з Менску. Як правіла, у гатэлі жывуць грамадзяне Нямеччыны, Швейцарыі і Расеі, але цяпер большасць расейскіх турфірмаў адмовіліся ад прапаноў адпачынку Турцыі.

«Апошнім часам дарагія туры наагул не прадаюцца – у людзей няма грошай. – Распавядаюць у турфірме «Крыс». – Скочваецца ранняе браніраванне, але пакуль вынікі засмучаюць. Людзі бяруць танны Егіпет і аўтобусныя туры ў Балгарыю. Турцыя, Грэцыя, Іспанія – наагул не прадаюцца. Гэта сурʼёзны ўдар і па нашай фірме, мы працуем да верасня і будзем сурʼёзна скарачаць штат, іншага выбару няма».

tur_1

Берасцеец Мікалай раней працаваў у турыстычным бізнесе ды пагадзіўся выказаць здагадку, дзе будуць адпачываць беларусы гэтым летам:

– Найбольш прадаванымі стануць малабюджэтныя варыянты адпачынку летам. Будзе папулярным грузінскі напрамак – летаком з Менску праз Кіеў у Тбілісі і потым цягніком да галоўнага грузінскага курорта Батумі і аўтобусная паездка падчас адпачынку ў Турцыю. Будзе карыстацца попытам і авіярэйс Менск – Батумі. Шмат беларусаў вырашыць паехаць аўтобусам, цягніком або на ўласным аўто ва Украіну на яе марскія курорты. Жыхары памежжа вырашацца на кароткатэрміновы адпачынак у Польшчы на Балтыцы, або ў Літве. У Турцыю, Егіпет, Тайланд і Вʼетнам паляцяць турысты, аднак, іх будзе менш, чым звычайна.

Гаспадары менскіх турфірм прызнаюцца, што значна зменшыўся клас людзей, якія бралі самыя танныя туры. Усё ідзе да таго, што шматлікія беларусы гэтым летам застануцца наагул без адпачынку – цэны ў беларускіх турфірмах моцна кусаюцца. Мінімум, за які можна трапіць на адпачынак у Балгарыю, Турцыю ці Грэцыю пачынаецца ад 400 долараў за асобу.

СА, belsat.eu

Стужка навінаў