Берасцейскія журналісты абскарджваюць штраф у $ 1 000


Незалежныя журналісты Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава звярнуліся ў Берасцейскі абласны суд з патрабаваннем адмяніць пастанову суда Кобрынскага раёну, што прысудзіў журналістам штрафу больш чым на тысячу долараў.

18 сакавіка журналісты былі жорстка затрыманыя ў Кобрыне  пасля асвятлення акцыі недармаедаў. Журналістаў збілі, забралі тэхніку і склалі два пратаколы па артыкуле – 22,9 (парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі) і артыкуле 23.4 КаАП РБ (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў).

13 красавіка суд Кобрынскага раёну пакараў журналістаў штрафам памерам амаль 2 тысячы рублёў. Праўда, журналістам удалося вярнуць тэхніку.

«Тэхніка была ў міліцыі, а затым у судзе паўтары месяцы. Лічу гэта было зроблена каб перашкодзіць нашай працы. Мы з дапамогай юрыста змаглі атрымаць назад фактычна выкрадзеную тэхніку, – гаворыць журналіст Алесь Ляўчук. – Цяпер жа гульня пераходзіць на нашае поле, праўда, суддзі зноў буду гуляць супраць нас. У Берасцейскім абласным судзе мы патрабуем скасаваць пастанову Кобрынскага раённага суду, які пакараў нас за тое, што на нас напалі і збілі міліцыянты, таксама мы пакараныя за тое, што быццам бы зрабілі матэрыял, якога фактычна мы не рабілі. Будзе лагічна, калі абласны суд скасуе рашэнне суда Кобрынскага раёну, але я ў гэта не веру, бо ў Беларусі няма незалежнай судовай сістэмы, таму наша мэта – прайсці ўсе судовыя інстанцыі ў краіне і выйсці на міжнародны ўзровень і мы гэта зробім».

АС, belsat.eu

Стужка навінаў