Берасцейскія актывісты прынеслі для кіраўніцтва кампаніі «АйПаўэр» торт. На іх выклікалі міліцыю


Супраціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу пакпілі з яго кіраўніцтва, яны спяклі торт у выглядзе акумулятара. Тыя гумару не зразумелі.

Прадстаўнікі заводу, які пабудаваны недалёка ад Берасця, пастаянна запэўніваюць, што на вытворчасці будзе выкарыстана самае сучаснае абсталяванне. Маўляў, пагрозаў для экалогіі акумулятарны завод не створыць. Але праціўнікі будаўніцтва заводу звяртаюць увагу: сертыфікат на частку абсталявання на заводзе датаваны 2008 годам.

Торт у выглядзе акумулятара

– Па дакументах атрымалася выявіць, што прайшло адзінаццаць гадоў, як было выпрабавана абсталяванне, якое «АйПауэр» усталяваў на заводзе, які яны хочуць запусціць пад Берасцем. Сертыфікат быў узяты ў Расеі, а само абсталяванне кітайскае. Кіраўніцтва «АйПауэр» кажа, што на заводзе будзе інавацыйнае абсталяванне, але мы бачым, што такое абсталяванне ўжо 11 гадоў працуе ў розных месцах планеты. І торт – гэта магчымасць паказаць, што абсталяванне, якое паставілі ў Берасце, ужо даўно не сучаснае, – заявіў Belsat.eu праваабаронца Раман Кісляк.

Работнікі «АйПауэр» адмовіліся прыняць торт і выклікалі міліцыю. Пакуль што ніхто з актывістаў не затрыманы.

АС,фота прадстаўлена актывістамі/Belsat.eu

Стужка навінаў