Берасцейскія актывісты аб'ядналіся, каб бараніць экалогію – і свае правы


Праціўнікі берасцейскага акумулятарнага заводу аб’ядналіся ў арганізацыю «ЭкаБрэст». Месяц таму яны правялі ўстаноўчы сход, а цяпер накіравалі дакументы на рэгістрацыю ў Берасцейскі аблвыканкам.

«Мы вырашалі заснаваць экалагічную, праваабарончую арганізацыю «ЭкаБрэст», з тым каб прафесійна намагацца рашэння розных праблемаў у горадзе Берасці. Перш за ўсё стаіць пытанне будаўніцтва акумулятарнага заводу каля Берасця», – распавядае праваабаронца Раман Кісляк.

Заснавальнікамі аб’яднання «ЭкаБрэст» сталі 12 актывістаў, праціўнікаў заводу акумулятарных батарэй «АйПаўэр».

У далейшым яны бачаць сваю арганізацыю масавым рухам, які мае аб’яднаць усіх неабыякавых да экалогіі берасцейцаў. Сваймі мэтамі яны ставяць прыцягненне грамадскай супольнасці да развязання як экалагічных праблемаў, гэтак і пытанняў у галіне правоў чалавека.

«На жаль, у нашай краіне актыўная абарона экалогіі і навакольнага асяроддзя цесна звязаная з абаронай грамадзянскіх правоў. Людзей затрымліваюць, людзей рэпрэсуюць – і атрымліваецца, што экалагічныя пытанні неад«емныя ад праваабарончых», – дадае Раман Кісляк.

Праваабаронца і праціўнік акумулятарнага заводу Раман Кісляк. Фота – «Белсат»

Пратэстуючы супраць будаўніцтва заводу па вытворчасці акумулятараў у свабоднай эканамічнай зоне «Берасце», сотні жыхароў гораду ўжо паўтара года кормяць па нядзелях на галоўнай плошчы гораду галубоў. Праваахоўнікі затрымліваюць пратэстоўцаў і складаюць на іх адміністрацыйныя пратаколы.

  • У лютым 2018-га актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі, але ўрадавая камісія ня выявіла парушэнняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзідэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасця, якія «ігнаруюць інтарэсы жыхароў і свядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэнні пажарнай бяспекі.
  • У красавіку 2019-га супраць аднаго з праціўнікаў акумулятарнага заводу, Майсея Мазька, распачалі крымінальную справу праз падазрэнне ў незаконным абарачэнні зброі.
  • У чэрвені 2019 году падчас спробаў запусціць завод было зафіксаванае перавышэнне забруджвальных выкідаў у атмасфернае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэнняў.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў