Берасцейскі таксіст хацеў праз суд прыцягнуць да адказнасці працаўніка ДАІ

У справе «Берасцейскі таксіст супраць ДАІ» пастаўленая кропка. Пацярпелы ў аварыі з аўтамабілем ДАІ таксіст змог дабіцца справядлівасці.

30 студзеня ў судзе Маскоўскага раёну Берасця адбылося паседжанне, дзе разглядалі позву берасцейскага таксіста Дзмітрыя Муцы супраць інспектара ДАІ Алега Гарчанюка.

Нагадаем, 16 сакавіка мінулага году на Праспекце Рэспублікі ў Берасці аўтамабіль ДАІ пад кіраваннем 30-гадовага інспектара Алега Гарчанюка сутыкнуўся з таксі «Toyota Primus» фірмы «Сіці», што рухалася на зялёнае святло. У выніку аўтамабіль таксі прыйшлося прыбіраць з месца аварыі з дапамогай эвакуатараў, ён не падлягае аднаўленню, а яго кіроўца Дзмітрый Муца 21 дзень правёў у лякарні.

У Берасці ДАІ разбілі сваю службовую машыну і аўтамабіль таксі

Сёння, 30 студзеня, у гэтай справе была пастаўлена кропка. Дзмітрый Муца падаў у суд пазоў з патрабаваннем прыцягнуць вінаватага ў аварыі інспектара ДАІ Алега Гарчанюка да крымінальнай адказнасці за парушэнне ПДР. На першым судовым паседжанні, якое адбылося 23 студзеня, бакі не змаглі дамовіцца. Другое паседжанне цягнулася нядоўга, бакі вырашылі прымірыцца.

Муца патлумачыў суду, што «яны з іншым бокам добраахвотна вырашылі паміж сабой усе пытанні, а дэталі нашага дагавора мне б не хацелася агучваць».

Дзмітрый Муца ў судзе Маскоўскага раёну Берасця. Фота: Belsat.eu

У выніку суддзя Юрый Мартынюк закрыў справу і патлумачыў пацярпеламу, што больш па гэтаму пытанню ён у суд звярнуцца не зможа.

Нагадаем, у снежні мінулага года Муца адсудзіў у УУС Берасцейскага аблвыканкаму 6 тысяч рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.

– З супрацоўнікам ДАІ адразу хацеў знайсці прымірэнне, але мы не змаглі гэтага зрабіць. Таму ўсё дайшло да крымінальнага артыкула і суду. У выніку нам удалося ўсё ж знайсці агульную мову. Мы дабіваліся нейкай адказнасці за гэта злачынства супраць мяне. І я больш не хачу, каб справа мела працяг, – кажа ў размове з журналістам «Белсату» Дзмітрый Муца.

Пацярпелы адзначае, што не ведаў, чым скончыцца гэтая справа, і ад самага пачатку сумняваўся, што ён зможа дабіцца справядлівасці.

Дзмітрый Муца (злева) і супрацоўнік ДАІ Алег Гарчанюк (справа) ў судзе Маскоўскага раёну Берасця. Фота: Belsat.eu

– Я сам моцна здзіўлены падобнаму зыходу, – адзначае Муца. – Але, як паказала практыка, усё магчыма. Гэта, напэўна, першая сітуацый, якая паказала ўсю сутнасць таго, што адбываецца. Думаю, што цяпер супрацоўнікі міліцыі будуць выконваць правілы ПДР, бо будуць ведаць, што за гэта будзе нейкае пакаранне і адказнасць. Але пры гэтым паўгода пасля больніцы я знаходзіўся ў стане, калі думаў, чым можа гэтая сітуацыя скончыцца. Замест таго, каб аднаўляць сваё здароўе.

Зміцер кажа, што больш таксістам не працуе і не хоча. Аўтамабіль пасля аварыі быў пабіты і не падлягае аднаўленню. Зараз мужчына думае, чым далей ён будзе займацца ў жыцці.

АС Belsat.eu

Глядзі таксама

Hавiны