Берасцейскі прадпрымальнік усталяваў «дошку ганьбы». Каб змагацца з людзьмі, якія псуюць яго маёмасць


Індывідуальны прадпрымальнік Юрый Андраюк змагаецца з несвядомымі грамадзянамі, якія размалявалі ягоны прыпынак. На дошцы ён размяшчае партрэты людзей, якія паводзяць сябе неналежным чынам. Ці законна гэта? Разбіраліся карэспандэнты Belsat.eu.

У Берасці каля прыпынку грамадскага транспарту «Тэхнічны ўніверсітэт» з’явілася «дошка ганьбы» і некалькі камераў відэаназірання. Усталяваў усё гэта мясцовы індывідуальны прадпрымальнік Юрый Андраюк, самавольна. Чаму ён вырашыў абараняць прыпынак? Справа ў тым, што ва ўласнасці ў яго ёсць прыпынак і тры шапіка. На дошцы мужчына размяшчае партрэты людзей, якія паводзяць сябе неналежным чынам. Пакуль на дошцы ганьбы вісяць партрэты двух чалавек, але хутка, па словах прадпрымальніка, зʼявіцца і трэці партрэт.

Дошка ганьбы на прыпынку ў Берасці

«Законна гэта або незаконна – ужо трэці бок. Галоўнае для мяне, што «дошка ганьбы» дае рэальны эфект», – распавёў Belsat.eu Юрый Андраюк. – Гэтая шыльда была зробленая і падзейнічала. Мы яе павесілі ў снежні, і з тых часоў у нас ні разу не размалявалі прыпынак. Мне нават тэлефанавалі людзі і дзякавалі за яе. У нас зніклі шматлікія праблемы, якія даводзілася вырашаць па некалькі разоў на тыдзень. Да мяне ўжо звярталіся іншыя прадпрымальнікі, каб размясціць на маёй «дошцы ганьбы» фотаздымкі тых людзей, якія псуюць іх маёмасць. Я не супраць – толькі павінны быць відэа доказы.

Я вам больш скажу: мы змаглі спыніць злачынства. Чалавек хацеў абрабаваць шапік аўтавакзалу, але, калі зразумеў, што яго твар трапіў на камеры, ён спыніўся – толькі сапсаваў мае камеры. Зараз мы яго шукаем, і ягоны твар таксама зʼявіцца на «дошцы ганьбы», паспрабуем гэтак знайсці чалавека».

Прадпрымальнік вывешвае на дошку партрэты людзей, якія пакідаюць смецце на прыпынку ці спяць на ім

Вось толькі падобныя дошкі, нягледзячы на іх магчымую эфектыўнасць, маюць мала агульнага з законам. Дадзеную сітуацыю Belsat.eu папрасіў пракаментаваць юрыста Сяргея Магонава.

«У розных гарадах Беларусі мае месца падобная практыка, аднак яна знаходзіцца ў статусе самадзейнасці, альбо, калі кваліфікаваць гэта з пункту гледжання заканадаўства, гэта «самаўпраўства службовых асоб транспартных арганізацыі». Ёсць «палажэнне аб дошцы гонару» – павінна быць і «палажэнне аб дошцы ганьбы», якое рэгламентуе парадак і абʼём размешчанай на ёй інфармацыі. Адзіны падыход, парадак прыняцця рашэнняў ды іх абскарджанні. Толькі пасля гэтага можна казаць пра законнасць існавання дошкі.

Аднак, размяшчэнне на ёй выявы грамадзяніна без яго згоды на тое ўсё роўна будзе незаконным. Права на выяву грамадзяніна адносіцца да катэгорыі асабістых немаёмасных правоў, з’яўляецца нематэрыяльнай каштоўнасцю, і ў выпадку пасягальніцтва на яе, у тым ліку шляхам апублікавання і распаўсюджвання выявы грамадзяніна без ягонай згоды, грамадзянін можа звярнуцца да дазволеных законам сродкаў абароны», – пракаментаваў Сяргей Магонаў.

Пакуль жа грамадзяне, чые партрэты размешчаныя на дошцы ганьбы нікуды не скардзіліся. Больш за тое, Юрый Андраюк ужо доўгі час шукае іх, і нават стварыў Ютуб-канал, на якім выкладвае ролікі з парушальнікамі. Прадпрымальнік звяртаўся і ў міліцыю. Вось толькі там мала чым дапамаглі. Цікава, што на адзін з такіх ролікаў трапіў участковы Маскоўскага РАУС Берасця Раман Трафімук, які, як відаць на відэа, размаўляе з мужчынам. Той – верагодна, п’яны – спаў на прыпынку. Нагадаем, Раман Трафімук тройчы знаходзіў журналістаў, што супрацоўнічаюць з «Белсатам», каб скласці на іх пратаколы па 22.9 КоАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ).

Hавiны
Журналіста з Берасця Алеся Ляўчука будуць судзіць за супрацу з «Белсатам»
2018.02.27 22:37

АС, фота аўтара/Belsat.eu

Стужка навінаў