Берасцейскі актывіст Андрэй Шарэнда: «Нас пераследуюць, бо мы для ўлады як костка ў горле»

Улады зладзілі сапраўднае паляванне на сям’ю берасцейскіх актывістаў. Бясконцыя адміністратыўныя арышты, штрафы, а цяпер і крымінальная справа. Відавочна, што Шарэндаў выціскаюць з краіны, але яны з’язжаць не хочуць.

Апошні эпізод бясконцага ціску на актывістаў пачаўся вечарам 29 снежня – Андрэй Шарэнда пайшоў гуляць з 4-гадовым сынам. Да іх выскачылі міліцыянты, сказалі пазваніць у дамафон, каб дзіця забралі. Навагоднія святы Андрэй правёў у ізалятары.

Сям’я Шарэндаў. Фота з сямейнага архіву.

Пасля 6-дзённага арышту мужчына даведаўся, што міліцыянты выламалі дзверы ў ягонай кватэры. Дома былі жонка з сынам. «Госці» правялі агляд, сканфіскавалі шэраг рэчаў, а Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі і ў кайданках адвезлі ў ІЧУ. Пазней яе перавялі ў СІЗА і завялі крымінальную справу паводле арт. 364 КК («Гвалт альбо пагроза выкарыстання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраны справаў»).

І гэта не ўсе: Андрэя Шарэнду зноў судзілі ды вынеслі пастанову: пакараць 15-дзённым арыштам. Актывіста могуць арыштаваць у любы момант, а пакуль ён на свабодзе, паразмаўляў з журналістамі «Белсату».

Андрэй Шарэнда. Фота: Белсат

У дзяцей быў моцны стрэс

Малодшы сын Стах быў у хаце, калі сілавікі зламалі дзверы і ў кватэру ўварваліся дзесяць чалавек у чорным ды ў масках. Пасля гэтага сын прыбягаў сярод ночы, клаўся на ложак, дзе звычайна спіць Паліна, і пытаўся: а дзе мама? Яму чатыры гады, ён ужо не такі малы, цяжка патлумачыць, дзе мама. Спачатку яму казалі, што яна паехала ў краму, а потым Стах спытаў, ці не забралі гэтыя дрэнныя людзі маму ў турму.

Малодшы сын Стах малюе ліст у СІЗА для мамы. Фота: Белсат

У старэйшага сына быў шок, забралі ягоны камп’ютар, які ўсяго некалькі тыдняў таму мы паставілі, усталявалі гульні і праграмы. Таксама мы не змаглі знайсці яшчэ некаторых ягоных рэчаў. У першы дзень Славамір некалькі гадзінаў плакаў.

Дапамагае салідарнасць

Салідарнасць адчуваецца вельмі моцна. На сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» 5 студзеня я зрабіў допіс з просьбай дапамагчы – трэба было тэрмінова ўставіць новыя дзверы і знайсці Славаміру кампʼютар. І ўжо праз некалькі хвілінаў людзі адгукнуліся: ужо ёсць варыянты паставіць новыя дзверы, таксама разабраліся з кампʼютарам для Славаміра, хтосьці пералічыў грошы на картку.
Таму хачу падзякаваць усім людзям, якія адгукнуліся на нашу сітуацыю і дапамаглі ў цяжкі момант.

У такім стане пабачыў Андрэй Шарэнда дзверы пасля выхаду з ІЧУ. Фота: Белсат

Вядома, прыходзіцца няпроста, але ў нас шмат сяброў і знаёмых, ёсць добрыя бабуля з дзядулем, якія ва ўсім нам дапамагаюць.

Але асабліва важная людская салідарнасць. Калі я сядзеў, да Паліны і бацькоў прыходзілі незнаёмыя людзі і прапаноўвалі розную дапамогу. Нашу пазіцыю падзяляюць тысячы, і гэта дапамагае спраўляцца са складанасцямі.

Разам прайшлі праз пратэсты і арышты

Адзін аднаго мы ведалі з 2001 года, але больш цесна пазнаёміліся ў 2005 годзе, калі пачалася прэзідэнцкая кампанія Аляксандра Мілінкевіча. Мы разам былі ў ініцыятыўнай групе і разам збіралі подпісы. Так наша знаёмства спачатку перарасло ў сяброўства, а пазней – у больш цёплыя адносіны.

Паліна Шарэнда-Панасюк падчас пратэстаў супраць дэкрэту № 3 у Берасці. Фота: Белсат

Праз год мы разам стаялі на плошчы Каліноўскага, разам былі ў гэтых намётах. Разам прайшлі праз арышты. З таго часу мы – блізкія людзі. Вяселле было ў 2008 годзе, мы вянчаліся ў Слоніме.
А ўжо праз год у нас нарадзіўся старэйшы сын – Славамір-Вітаўт, а пазней, у 2009 годзе, на Дзень Волі нарадзіўся Стах.

Зноў – крымінальная справа

У 2010 годзе таксама была Плошча. Зноў мы актыўна ўдзельнічалі ў так званай прэзідэнткай кампаніі – былі ў штабе Андрэя Саннікава. Зноў мы выйшлі на плошчу, Паліна – у Берасці, а я – у Менску.

У жніўні 2020 Андрэй выйшаў з ІЧУ пасля 25 содняў арышту. Паліна сустрэла мужа, і сям’я адразу ж накіравалася на гарадскую плошчу. Фота: Белсат

Пазней мяне затрымалі, пакаралі арыштам. У 2011 годзе, 3 альбо 4 студзеня, да нас таксама прыйшлі з ператрусам супрацоўнікі КДБ. Роўна праз дзесяць гадоў сітуацыя паўтараецца, нам зноў пагражае арышт і рэальныя тэрміны. Тады мне прыйшлося з’ехаць у эміграцыю, я правёў там больш за паўгода. Калі ўсё сціхла, я змог вярнуцца ў Беларусь, а крымінальныя справа за пратэсты 19 снежня 2010 года была спыненая.

«Будучыню дзяцей бачым толькі ў Беларусі»

Мы з Палінай – патрыёты сваёй краіны, мы выступаем за перамены, нам важна, каб Беларусь была сапраўднай еўрапейскай краінай, і мы бачым будучыню нашых сыноў у Беларусі. Мы шмат высілкаў паклалі, каб Беларусь сапраўды была вольнай, і цяпер, калі засталося некалькі крокаў да перамогі, з’язджаць зусім не хочацца, і мы не збіраемся гэтага рабіць.

Малодшы сын Стах нарадзіўся на Дзень Волі. Цяпер у сям’і адзначаюць падвоенае свята. Фота з сямейнага архіву.

Костка ў горле

Чаму нас пераследуюць? За праўду. Мы заўжды яе казалі – і чыноўнікам, і міліцыянтам. Таму для ўладаў і спецслужбаў Берасця мы як костка ў горле. Таму ў першую чаргу супраць нашай сям’і пры любой нагодзе рабіліся розныя правакацыі і рэпрэсіі.

Цяпер – чарговы крок гэтай сістэмы: па-першае, каб запужаць людзей і паказаць, што яны могуць ударыць па любым чалавеку, а па-другое – гэта персанальная помста мне і Паліне за нашую пазіцыю.

Першы раз я быў затрыманы ў 2006 годзе, з таго часу па адміністратыўках адседзеў прыкладна паўгода.

Справа Паліны

Пакуль пра Паліну вядома не шмат: яе перавялі з ІЧУ у СІЗА. У СІЗА ўмовы, з аднаго боку, лепшыя, чым у ІЧУ. Але я ведаю Паліну, яна як сапраўдны годны чалавек не прызнае парадкаў гэтых установаў. У ІЧУ яна адмаўлялася выходзіць на праверкі ды падымаць рукі ўгору, таму ўвесь час Паліне пагражалі карцарам. Але мы ведалі, што ў ІЧУ няма карцару, і адзінае, што яны могуць зрабіць, – пасадзіць у самую горшую камеру. А ў СІЗА пры такіх варунках ёсць пагроза, што Паліна проста не будзе вылазіць з карцару. Найлепшая дапамога для Паліны цяпер – гэта пісаць ёй лісты.

Сям’я Шарэндаў. Фота з сямейнага архіву.
Падтрымаць Паліну можна лістамі на адрас: 224030 Берасце, вул. Савецкіх пагранічнікаў 37, СІЗА-7, Паліне Сяргееўне Шарэндзе-Панасюк.

Шантажуюць дзецьмі

Калі я сядзеў шэсць содняў без усялякага суда і даведаўся, што яны схапілі яшчэ і Паліну, у першую чаргу хваляваўся за дзяцей. І гэтыя хваляванні пацвердзіліся: пачаліся званкі са службы апекі, тэлефанавалі са школы і аддзелу адукацыі, пыталіся, што з дзецьмі, ледзь не ехалі да нас. У нас былі папярэджанні за ўдзел у акцыях, і яны хацелі гэтым скарыстацца. Але для іх было нечаканым пачуць мой голас, яны думалі, што я сяджу ў вязніцы. Іх супакоіла, што я дома.

Калі мяне зачыняць у ІЧУ на недасежаныя 15 содняў, невядома, як будуць дзейнічаць органы апекі. Гэта ненармальна, калі ў 21 стагоддзі ў еўрапейскай краіне пры жывых бацьках і бабулях спрабуюць забраць дзяцей. Вар’яцтва – выкарыстоўваць дзяцей для ціску на актывістаў.

АС, belsat.eu

Hавiны