Сям'ю журналістаў з Берасця тэрарызуе аддел прымусовага выканання пакаранняў


Пасля міліцыі і судоў жыццём незалежных журналістаў Міланы Харытонавай і Алеся Ляўчука шчыльна заняўся аддзел прымусовага выканання пакаранняў.

Пачалося ўсё 18 сакавіка, калі журналістаў брутальна затрымалі ў Кобрыне падчас асвятлення акцыі недармаедаў. У выніку Вадзім Здановіч з Кобрынскага раённага суду прызначыў журналістам штраф памерам больш за $ 1000.

«Гэты штраф я сплаціў яшчэ 27 чэрвеня. Пасля вяртання з адпачынку ў жніўні мы знайшлі ў паштовай скрыні ліст з аддзелу прымусовага выканання пакаранняў Маскоўскага раёну Берасця. У лісце было напісана, што супраць Ляўчука і Харытонавай распачатая выканаўчая вытворчасць, і што мы павінныя зноў сплаціць штраф, – кажа Алесь Ляўчук. – Зразумела, я патэлефанаваў у гэты аддзел, мне сказалі, што я даўжнік, і мушу плаціць, а калі не – яны прышлюць выканаўцаў да мяне, апішуць маю маёмасць, заблакуюць рахункі ў банку і тэлефоны, зачыняць выезд за мяжу».

Ляўчук мяркуе, што гэтак міліцыя запалохвае ўсіх людзей – «такія ў іх метады працы»:

«У іх няма сістэмы, па якой яны адсочваюць – заплаціў чалавек штраф або не. Таму я мушу прывезці квітанцыю аб аплаце штрафу да іх у офіс. У выніку дамовіліся, што я адпраўлю квітанцыю праз вайбер, што я зрабіў 29 жніўня», – распавядае журналіст.

У аддзеле прымусовага выканання пакаранняў падзякавалі за квітанцыю і сказалі, што больш не маюць да Ляўчука і Харытонавай прэтэнзіяў. Але праз тыдзень журналісты атрымалі ад гэтай структуры новы ліст, у якім вялося, што супраць іх завялі выканаўчую вытворчасць, і гэтым разам трэба было заплаціць новы штраф, а таксама 10 % ад сумы за працу судовага выканаўцы.

Тады Ляўчук патэлефанаваў кіраўніку аддзелу прымусовага выканання пакаранняў Маскоўскага раёну Берасця, дзе пачуў стандартныя абвінавачванні і пагрозы.

Пазней журналісту патэлефанаваў новы судовы выканаўца, а пытанне вырашылі адпраўкай квітанцыі праз вайбер.

У кастрычніку журналісту патэлефанаваў ужо трэці судовы выканаўца і запытаў, калі ён збіраецца заплаціць штраф. Пры гэтым выканаўца тэлефанаваў таксама дзесяцігадовай дачцэ журналістаў. Журналісты называюць гэта псіхалагічным ціскам.

«У аддзеле прымусовага выканання пакаранняў Маскоўскага раёну Берасця працуюць сапраўдныя дармаеды, якія жывуць на нашыя падаткі, але не могуць нармальна зрабіць сваю працу. У век развіцця сучасных тэхналогіяў яны не могуць стварыць базу, каб не турбаваць людзей і палегчыць працу сабе. Больш таго – я вымушаны тройчы ім дасылаць квітанцыю, хаця я не абавязаны гэтага рабіць, а гэтыя дармаеды нават і іх захаваць не могуць. За гады кіравання Лукашэнкі ў краіне ва ўсіх сферах жыцця створаная сістэма, якая на шмат гадоў адстае ад сучаснага жыцця і не можа нармальна працаваць. Таму трэба мяняць як сістэму, гэтак і тых, хто яе стварыў», – дадае Алесь Ляўчук.

Журналіст збіраецца напісаць скаргу на працу супрацоўнікаў аддзелу прымусовага выканання пакаранняў Маскоўскага раёну Берасця.

ХВ

Стужка навінаў