Берасцейскае «Дынама» другі год запар узяло Суперкубак Беларусі


У матчы за Суперкубак Беларусі берасцейская каманда з лікам 3: 1 перагуляла чэмпіёна Беларусі – барысаўскі БАТЭ. Матч, які адкрывае нацыянальны футбольны сезон, прайшоў 2 сакавіка на стадыёне футбольнага клубу «Менск».

Берасцейцы з першых хвілін захапілі ініцыятыву ў гульні, але толькі ў канцы тайму змаглі выйсці наперад. Навабранец «Дынама» Дзяніс Лапцеў (прыйшоў з салігорскага «Шахцёру») на 40-й хвіліне прыняў мяч у штрафной суперніка і паклаў яго ў дальні кут. У пачатку другога тайму Эрвэн Мукам рэалізаваў пенальці і зраўняў лік у матчы.

І ўсё ж «Дынама» змагло ізноў выйсці наперад, забіўшы двойчы на ​​працягу пяці хвілін у канцы другога тайму. Спачатку серб Александар Філіпавіч зрэзаў мяч ва ўласную браму, а пераможную кропку ў гульні паставіў Павел Савіцкі, які выйшаў на замену.

Берасцейскае «Дынама» заваявала Суперкубак другі год запар. У мінулым сезоне берасцейцы таксама перамаглі БАТЭ (2: 1). Заўважым, што БАТЭ за апошні год прагуляў «Дынама» трэці фінал запар, апроч дзвюх паразаў у Суперкубку барысаўчане саступілі «бела-блакітным» яшчэ і ў Кубку Беларусі.

Hавiны
Хто заваюе Суперкубак Беларусі?
2019.03.01 14:34

АС/Belsat.eu

Стужка навінаў