Берасцеец пра жыццё ў Каліфорніі: Дзесяці тысяч долараў на месяц дастаткова


Сяргей Манакоў 8 год жыве са сваёй сям’ёй у Штатах. Дагэтуль ён жыў у Берасці, дзе засталіся ягоныя сваякі. Карэспандэнт belsat.eu Іван Лысюк пагутарыў з Сяргеем Манаковым пра эміграцыю, працу ў стартапах і выбар паміж амерыканскаю марай і беларускаю стабільнасцю.

Восем год таму Сяргей Манакоў меў смеласць і настойлівасць пайсці за сваёй марай літаральна на край свету. Цяпер ён адзін з лідараў амбітнага каліфарнійскага стартапу «Eclipse BioInnovations», дзе займае пасаду галоўнага навукоўца ў біяінфарматыцы. Ён жыве і працуе на поўдні Каліфорніі, у горадзе Оўшэнсайд, разам з жонкаю-канадкай Кэтрын і двума дзеткамі – старэйшым Максімам і малодшай Данікай.

Фота прадстаўлена Сяргеем Манаковым

Пасля школы маладзён паступіў на біялагічны факультэт БДУ і мэтанакіравана распачаў рыхтавацца да таго, каб працягнуць навучанне ў адной з заходніх краінаў. Апроч профільных прадметаў, давялося самастойна вывучыць англійскую мову на ўзроўні, які дазволіў бы свабодна пачувацца на лекцыях у самых уплывовых заходніх універсітэтах.

Высілкі прынеслі плён – пасля трэцяга курсу Сяргей перамог у конкурсе і атрымаў стыпендыю Эдынбургскага ўніверсітэту, па заканчэнні якога працягнуў займацца малекулярнаю біялогіяй у аспірантуры Кеймбрыджу.

Фота прадстаўлена Сяргеем Манаковым

Чаму менавіта на Захад?

– Раскажы, калі ласка, чаму ты вырашыў паехаць вучыцца менавіта за мяжу?

– Ведаеш, я нават ніколі не думаў пра тое, што вось так вазьму і застануся за мяжою. Зразумела, заўсёды хацелася там пабываць. Я ж у школе захапляўся біялогіяй, шмат чытаў, удзельнічаў у алімпіядах. Было моцнае жаданне акунуцца ў заходнюю акадэмічную атмасферу. Бо менавіта на Захадзе галоўныя даследчыцкія цэнтры, дзе ўжо шмат гадоў робяцца найважнейшыя адкрыцці ў сферы малекулярнай біялогіі. Мне хацелася стаць часткаю ўсяго гэтага.

– Пачаткова ты патрапіў у Вялікую Брытанію. Чаму змяніў Еўропу на ЗША?

– Даволі выпадкова. Проста трэба было рабіць постдок [навуковая праца пасля атрымання ступені доктара. – Belsat.eu], і я палічыў, што ў Штатах магчымасцяў для гэтага больш. Плюс мне ўжо трошкі надакучыла тэматыка майго аспіранцкага праекту і хацелася чагосьці новага, свежага. Вось і паехаў.

Фота прадстаўлена Сяргеем Манаковым

Сваю першую працу я ўвогуле знайшоў, прачытаўшы абвестку ў часопісе «Nature». Праўда, там зашмат было канфліктных сітуацыяў з кіраўніцтвам, не склалася нешта, таму вырашыў разгледзець іншыя варыянты. Наступным месцам працы для мяне стала лабараторыя Каліфарнійскага тэхналагічнага ўніверсітэту ў Пасадэне. Гэта ўжо акруга Лос-Анджэлес. Там атмасфера ў калектыве была значна лепшая. І пасля некалькіх гадоў постдоку я пайшоў працаваць у буйную кампанію «Illumina» – гэта сусветны лідар у тэхналогіі секвенавання ДНК і РНК [секвенаванне – метады, пры дапамозе якіх можна вызначыць паслядоўнасць нуклеатыдаў у малекуле ДНК. – Belsat.eu]. І вось апошнія два месяцы я спрабую свае сілы ў невялічкім стартапе. Спадзяюся, будзем расці.

Фота прадстаўлена Сяргеем Манаковым

9 тысячаў чалавек vs 11 калегаў

– Ёсць розніца паміж працай у буйной кампаніі ды ў невялікім праекце. Чым цябе прывабіла праца ў стартапе?

– У «Illumina» я працаваў 4 гады. За гэты час кампанія вырасла амаль удвая – калі я звальняўся, там працавала ўжо каля 9 тысячаў чалавек. Што найбольш запомнілася? Напэўна тое, што я меў прывілей асабіста ўдзельнічаць у стварэнні перадавых тэхналогіяў. Але мне моцна не ставала творчай свабоды. Аднойчы проста прачнуўся і зразумеў, як гэта для мяне важна. Я быў знаёмы з людзьмі, якія зарганізавалі стартап, – усяго 11 чалавек. Паклікалі, і я падумаў: а чаму б і не?

Я абсалютна не шкадую. Вядома, у буйной кампаніі ўсё трошкі інакш – у большай бяспецы, так сказаць, пачуваешся, адпачынак большы, заробак, страхоўка медычная таксама лепшая. Усё гэта файна, але ў стартапе мы ўсё робім самі – сваёй невялічкай камандай. Я бяру ўдзел у тэхналагічным працэсе з самага пачатку і да канца. Гэта такое ні з чым не параўнальнае пачуццё, калі пачынаеш з простай канцэпцыі ды, крок за крокам, робіш з гэтага гатовы прадукт. Менавіта дзеля гэтага я і прыйшоў сюды.

Фота прадстаўлена Сяргеем Манаковым

Грашовае пытанне

– Вялікую цікавасць выклікае ўзровень жыцця ў Штатах і фінансавае пытанне. Ці нашыя адмыслоўцы не адчуваюць заробкавай дыскрымінацыі з боку амерыканскіх калегаў?

– Шчыра кажучы, у Амерыцы не прынята закранаць у размове тэму заробкаў, даходаў, асабістых фінансавых справаў. Таму нічога не магу сказаць пра тое, колькі мае амерыканскія калегі зарабляюць. Але дакладна ведаю, што айцішнікі атрымліваюць больш, чым мы, хто працуе ў галіне біятэхналогіяў. Думаю, калі б я працаваў у Google ці Facebook, то меў бы адсоткаў на 40 больш, чым тут і цяпер. Штомесяц я зарабляю прыблізна столькі ж, колькі прафесар ва ўніверсітэце сярэдняга ўзроўню: 9–12 тысячаў долараў.

– У Беларусі такі заробак для кожнага быў бы за шчасце, але ў Амерыцы, тым больш у Каліфорніі, выдаткі хіба параўнальныя. 10 тысяч долараў на месяц дазваляюць адчуваць сабе свабодна і ўпэўнена?

– Каля 25 % заробку – гэта падаткі і абавязковыя дзяржаўныя ўнёскі. Зняць жыллё ў Сан-Дыега, дзе мы цяпер жывем, ці ў Лос-Анджэлесе можа каштаваць нават 2 тысячы долараў штомесяц (а калі купіць дом і ўзяць іпатэку, то плаціць давядзецца нават па 3–4 тысячы). Патрэбная абавязкова адная машына на кожнага дарослага – без яе ніяк, плюс розныя выдаткі на яе. Дзіцячы садок – 1–2 тысячы за дзіця. Ежа – гэта яшчэ тысяча. Не забывай, што страхоўка не ўсіх дактароў пакрывае, таму стаматолагаў і некаторых іншых адмыслоўцаў давядзецца аплочваць з уласнай кішэні.

Таму ўсё пералічанае лёгка з’ядае большую частку заробку. Але я задаволены. На ўсё, у прынцыпе, дастаткова, нешта можна адкласці, у Беларусь злятаць да сваякоў або да сваякоў жонкі ў Канаду.

Амерыканская мара ці беларуская стабільнасць?

– Што больш за ўсё здзіўляла пасля пераезду ў ЗША і што больш за ўсё здзіўляе цяпер, калі наведваеш Беларусь?

– У Амерыцы значна больш адчуваеш, што сам мусіш будаваць сваё жыццё. Грошай табе не плоцяць, ты сам павінен іх зарабіць. А зарабляць трэба, і нямала – бо мусіць быць страхоўка, трэба лекарам плаціць, рахункі аплочваць. Пра пенсію таксама сам мусіш паклапаціцца. Аніякіх ільготаў. Але пры гэтым ёсць адчуванне, што ўсё гэта можна зарабіць, калі прыкласці пэўныя высілкі. Напэўна, так насамрэч і выглядае знакамітая амерыканская мара.

Фота прадстаўлена Сяргеем Манаковым

З іншага боку, калі прыязджаю ў Беларусь, нейкія цёплыя, сямейныя, калі можна так сказаць, пачуцці ўзнікаюць. Нашыя дзеці называюць незнаёмцаў дзядзямі і цёцямі, можам іх са спакойным сэрцам пакінуць у гульнявым пакойчыку супермаркету, і яны адтуль нікуды не знікнуць, ніхто іх не скрадзе. У Беларусі незнаёмы чалавек проста можа дапамагчы жанчыне паднесці цяжкую торбу. Людзі ахвотна саступаюць месцы ў грамадскім транспарце. Стоячы ў чарзе, ты можаш задаць тым, хто побач, якое-небудзь пытанне і напэўна атрымаеш адказ.

Сваю найбліжэйшую будучыню Сяргей звязвае з ЗША – у Беларусі для адмыслоўцаў такога профілю і ўзроўню проста няма адпаведных умоваў для працы і прафесійнага росту. «Мо калі-небудзь і вернемся», – кажа пры канцы ён не надта ўпэўнена. – Усё ў гэтым свеце можа змяніцца – што ў Штатах, што ў Беларусі».

Іван Лысюк для Belsat.eu

Стужка навінаў