Берасце: замест акцыі супраць будаўніцтва заводу – свята МНС. Школьнікаў абавязалі прыйсці


Неабыякавыя берасцейцы паставілі ўладам ультыматум: калі не спыніцца будаўніцтва акумулятарнага заводу, мы выйдзем на плошчу. Улады людзей пачулі і вырашылі першымі заняць плошчу. Заўтра, 25 лютага, там пройдзе свята МНС.

У школах Берасця настаўнікам і бацькам дзяцей перадаюць наступныя паведамленні на паперцы:

«Паважаныя класныя кіраўнікі, у нядзелю ў 13.00 трэба папрасіць, каб навучэнцы прыехалі з бацькамі на плошчу Леніна (3 дзіцяці з класа) там будзе паказальнае выступленне МНС».

«2 сям’і (бацька + дзіця) ​​плошча Леніна, свята МНС быць абавязкова. Адзначыцца, па прыбыцці сфатаграфавацца».

Яшчэ тыдзень таму падобнага мерапрыемства ў плане гарадской адміністрацыі не было, але сёння на сайце абласнога ўпраўлення МНС зʼявілася такая інфармацыя:

«На свята, прымеркаваная да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, запрашае Берасцейскае абласное ўпраўленне МНС. Яно адбудзецца ў нядзелю, 25 лютага, а 13 гадзіне на плошчы Леніна ў Берасці. Ратавальнікі ў ходзе паказальных выступаў прадэманструюць свае баявыя магчымасці, гатоўнасць да ліквідацыі надзвычайных сітуацый. У рамках акцыі «Бяспека – у кожны дом!». Любы ахвотны зможа паўдзельнічаць у тэматычных конкурсах і віктарынах, атрымаць кансультацыю па пытаннях бяспекі жыццядзейнасці»

Берасцейскія ўлады і раней ладзілі свае мерапрыемствы, калі існавала пагроза, што на плошчу выйдуць незадаволеныя грамадзяне. Гэтак, у 2011 годзе падчас маўклівых акцый на плошчы Леніна адбываліся спартовыя святы, а амаль год таму, у разгар акцыяў «недармаедаў» улады праводзілі дзіцячае свята.

Жыхары Берасця і бліжэйшых населеных пунктаў збіраліся пратэставаць супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу – яны баяцца небяспечных выкідаў ад яго ў навакольнае асяроддзе. Улады ж не бачаць у гэтым праблемы, і адказваюць берасцейцам, што завод усё адно будзе пабудаваны.

У прыватнасці пра намер выйсці на плошчу заявіў актывіст АГП Аляксандр Кабанаў, які пасля атрымаў папярэджанне ад пракуратуры, і мясцовы блогер Сяргей Пятрухін.

Журналістам «Белсату» са сваіх крыніцаў стала вядома, што актывісты падалі пазоў супраць кампаніі «iPower» якая будуе акумулятарны завод. Паседжанне адбудзецца 27 лютага ў судзе Маскоўскага раёну Берасця.

ЦЛ, belsat.eu

 

Стужка навінаў