Белыя мядзведзі ўзялі ў аблогу паселішча на поўначы Расеі


Белы мядзведзь у Архангельскай вобласці Расеі. Ілюстрацыйнае фота – Аляксей Дружынін/Planet Pix via ZUMA Wire

На Новай Зямлі ўведзены рэжым надзвычайнай сітуацыі праз масавае нашэсце белых мядзведзяў: са снежня яны пачалі заходзіць на тэрыторыю паселішча Бялуш’я Губа – імаверна, у пошуках ежы.

52 жывёліны не рэагуюць на светлашумавыя сігналы ды спробы адагнаць іх з дапамогай машын і сабак, а іншых спосабаў бяспечна адагнаць жывёліну няма – белы мядзведзь занесены ў міжнародную і расейскую Чырвоныя кнігі.

Справка
Новая Зямля – архіпелаг у Паўночным Ледавітым акіяне. Уваходзіць у склад Архангельскай вобласці Расеі. Тут жывуць каля 2,5 тысячы чалавек, большую частку складаюць вайскоўцы. На Новай Зямлі ёсць два паселішчы – Бялуш’я Губа і Рагачова – і некалькі пунктаў, дзе праходзяць службу вайскоўцы.

«Больш за пяць жывёлінаў не пакідае гарнізон, у літаральным сэнсе ганяюцца за людзьмі і нават заходзяць у пад’езды жылых дамоў», – заявіў кіраўнік адміністрацыі Новай Зямлі Жыганшы Мусін.

«Медуза» падае, што інфармацыі аб пацярпелых няма.



Служба назірання ў сферы прыродакарыстання не дае дазволу на адстрэл нават агрэсіўных жывёлінаў. На архіпелаг адправілася аператыўная група для ацэнкі сітуацыі.

«Людзі напалоханыя, баяцца выходзіць з дому. Бацькі асцерагаюцца адпускаць дзяцей у школы і дзіцячыя сады», – дадаў Мусін.

Белыя мядзведзі рэдка нападаюць на чалавека. За апошнія 150 гадоў даследчыкі зарэгістравалі 73 гэткія напады, у выніку якіх загінулі 20 чалавек, а 63 атрымалі траўмы.

Паводле заявы адміністрацыі архіпелагу, такога масавага нашэсця белых мядзведзяў раней ніколі не было. Чыноўнікі спадзяюцца, што жывёліну, якая перабывае пад абаронаю, усё ж атрымаецца прагнаць без выкарыстання зброі.

Папуляцыя белых мядзведзяў знаходзіцца пад пагрозай. Па звестках Сусветнага фонду дзікай прыроды, у свеце налічваецца ад 22 да 31 тысячы асобінаў, але ўжо да 2050 года колькасць гэтай жывёлы можа скараціцца на 30 % па прычынах браканьерства, а таксама забруджвання прыроднага асяроддзя і глабальнага пацяплення.

ДД

Стужка навінаў