Зміцер Ягораў Белыя аўтазакі – веснікі адстаўкі

Кіраўнік рэдакцыі інфармацыі «Белсату»

Ці не мара гэта кожнага служкі – без скандалаў, без кайданкаў, з гонарам пакінуць сваю высокую пасаду? Шуневіч нарабіў столькі, што цяпер ці не самы час рэціравацца «на ўласнае жаданне».

Шуневіч сышоў з пасады міністра ўнутраных справаў

Міліцыянты – каста прывеліяваных і пакрыўджаных

Тысячы, калі не мільёны беларусаў маюць што прыгадаць Шуневічу і ягонаму міністэрству за апошнія 7 гадоў. Міліцэйскае бязмежжа, абразлівыя заявы, сілавыя разгоны мірных дэманстрацыяў. Цкаванне – то ромаў, то ЛГБТ, то матацыклістаў.

Я ж хачу прыгадаць тое, што найгоршае зрабіў для беларускай міліцыі міністр Ігар Шуневіч. Пад ягоным кіраўніцтвам умацавалася «каста» – міліцыянты як «лепшы гатунак» грамадзянаў. З ільготамі і ўсёдазволенасцю.

У Берасці міліцыянты праводзяць агляды ў кватэрах анархістаў

Пад кіраўніцтвам Шуневіча мы прыйшлі да таго, што Беларусь – сярод краінаў-лідараў па колькасці міліцыянтаў на 1000 асобаў. Пры гэтым – бракуе кадраў! Працаваць няма каму. Пра гэта вам распавядуць у крымінальнай міліцыі, у прафілактыцы, у ДАІ. Многія міліцыянты працуюць па 12-15 гадзінаў на содні. Купляюць бензін на свае грошы, ва ўласных гаражах напраўляюць службовыя машыны. 7 гадоў будаваць такую сістэму – трэба мець «талент».

І цяпер найгоршае: міліцыі не давяраюць, міліцыю баяцца, міліцыю не паважаюць. Людзі, што хацелі і маглі стаць сапраўднымі міліцыянтамі – для якіх закон вышэй за ўсё, мэта якіх – абараняць, а не «прэсаваць», – калі трапілі ў сістэму Шуневіча, то пад лаянку начальнікаў «перабудаваліся». Або сістэма іх перажавала і выплюнула, сапсаваўшы найлепшыя гады, пахаваўшы мары.

«Адмыцца» будзе вельмі цяжка. А хутка збудаваць праваахоўную сістэму з нуля – немагчыма.

Любіў форму НКВД, не любіў геяў. Чым запомніўся Шуневіч на пасадзе міністра

Шуневічу дадуць «свечачны заводзік»?

У сваім кароткім выступе пра адстаўку ўжо былы міністр не змог стрымаць усмешкі. Гэта адна з рэдкіх магчымасцяў пабачыць на публіцы гэткі выраз твару Ігара Шуневіча.

Магчыма, ён даўно думаў пра адстаўку. Але з высокай пасады так проста не вырывацца. Каб без ганьбы, без скіравання кіраваць калгасам, без кайданкаў на руках. А прэтэнзіяў да Шуневіча, не толькі ў суграмадзянаў, магло быць вельмі шмат. Гэта і Шуневіч ускосна прызнаў сваім выступе, маўляў, даўно на пасадзе і, быць можа, «вока замылілася». Хоць ёсць у нас чыноўнік на высокай пасадзе значна даўжэй, і пакуль у яго спробаў «унесці дынаміку» не назіраецца.

Два разы Шуневіч паўтарыў, што сілаў у яго шмат і ён гатовы і хоча прыносіць карысць дзяржаве на іншай пасадзе. Які б «свечачны заводзік» ці пасаду не прапанавалі экс-міністру, падначаленым я б толькі паспачуваў.

«Падстава выпіць»: беларусы радуюцца, што Шуневіч – усё

Перафарбуем аўтазак!

Што далей? Новы міністр – гэта ў любым выпадку змены. Унутраныя, вонкавыя. У беларускіх рэаліях гэтыя змены будуць касметычныя і паддыванныя.

Касметычныя – «для людзей». Як перафарбоўка аўтазакаў у белы колер. Першы час будзе не гэтак страшна, але функцыя застанецца тая ж.

Для сістэмы – павольныя перастаноўкі на высокіх пасадах. Новы міністр захоча працаваць са сваймі людзьмі, але раз Шуневіча фармальна «адпусцілі» без разгрому, то і ў сістэме рэвалюцыі не будзе. Наверх выйдуць тыя, хто пераканае, што ў стане дапамагчы новаму міністру справіцца са старымі балячкамі. Ці хаця б іх прыкрыць.

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары