Белстат: У беларускіх сем’ях галава – жанчына


Хто часцей прымае найважнейшыя для сям’і рашэнні? Насуперак стэрэатыпам – жанчыны.

Прынамсі так сцвярджае даследаванне Белстату. У праграму апытання, якое дзяржаўная ўстанова праводзіць з мэтай ацаніць узровень жыцця нашых сем’яў, сёлета дадалі новы модуль – «Прыняцце рашэнняў у хатняй гаспадарцы».

Толькі ў 4 % хатніх гаспадарак фінансы вядзе муж. У 75 % выпадкаў фінансавыя пытанні вырашаюцца сумесна мужам і жонкай – прыводзіць вынікі даследавання інфармагенцтва БелТА.

Чым старэйшая жанчына, тым часцей хатні бюджэт цалкам пераходзяць пад яе кантроль. Жанчыны часцей за мужчынаў прымаюць рашэнні наконт паўсядзённых пакупак. Больш за 60 % самастойна выбіраюць месца працы, адукацыю, грамадскую актыўнасць. Рэшта раіцца з партнёрамі.

У выніку, на долю мужчынаў у хатняй гаспадарцы прыпадае даволі мала самастойных рашэнняў: ад 2,8 % – пры рэалізацыі буйных пакупак да 0,3 % – у прыняцці рашэнняў пра адукацыю дзяцей.

У сацыялагічным даследаванні ўдзельнічалі амаль 3,3 тыс. замужніх жанчын ва ўзросце ад 18 гадоў. Пытанні тычыліся распараджэння фінансавымі сродкамі, удзелу ў выбары буйных і паўсядзённых пакупак, а таксама таго, хто прымае рашэнні аб карʼеры і працягласці працоўнага часу жанчыны ды неабходнасці павышэння ёю свайго адукацыйнага ўзроўню.

АП belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары