Белстат распавёў, куды ўключыць гномаў і эльфаў падчас перапісу насельніцтва


У новым перапісе насельніцтва Белстат запытае пра працоўную міграцыю, але праігнаруе змену полу.

Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэту Ірына Мядзведзева распавяла, што перапіс насельніцтва, які пройдзе налета, не будзе прадугледжваць «некарэктных пытанняў па нацыянальнасці».

«У нас былі і гномы, і эльфы. Мы гатовыя да гэтых пытанняў, – заявіла Мядзведзева. – У прынцыпе мы можам запісаць «іншая нацыянальнасць».

У перапісным апытальніку з’явіцца новае пытанне да тых, хто выехаў на працу ў іншую вобласць ці краіну – пра прычыны.

Разам з гэтым, перапіс не ўлічыць людзей, якія змянілі пол.

«Новыя тэндэнцыі ўлічвацца не будуць Пасля перапісу мы апрацуем адказы і тады паглядзім ці будзе мець сэнс увядзенне такіх пытанняў», – дадала Мядзведзева.

Можна будзе запоўніць анкету за сваякоў

У анкетах будзе 49 пытанняў, але скіроўваць іх будуць не да ўсіх. Гэтак, новае пытанне пра жаданне завесці дзяцей скіруюць толькі да жанчын. На пытанне журналістаў, чаму яго не адрасуюць таксама мужчынам, кіраўнічка Белстату заявіла, што «дзяцей у нас нараджаюць жанчыны».

Паводле Мядзведзевай, у мужчын, аднак, будзе «магчымасць» адказаць на яго.

«Калі муж або сын будзе ўдома, ён зможа адказаць на гэтыя пытанні за жанчыну», – патлумачыла Мядзведзева.

«Інтэрфакс» падае, што перапісныя лісты можна запоўніць са словаў сваякоў.

Перапіс насельніцтва ў Беларусі праводзіцца кожныя 10 гадоў, пачынаючы з 1999 года. У 2017-м Белстат правёў пробны перапіс. У анкеце было 26 пытанняў.

Чарговы пройдзе ўвосень 2019 года. Папярэднія вынікі перапісу прадставяць праз тры месяцы, канчатковыя – праз паўтара года.

ДД

Стужка навінаў