«Белшына» выйшла патрабаваць сумленных выбараў і спынення гвалту сілавікоў


Мітынг працаўнікоў Белшыны ў Бабруйску.
Фота: «Белсат»

Працоўныя ААТ «Белшына» далучаюцца да агульнанацыянальнага страйку і абяцаюць спыніць працу, калі не будуць выкананыя іхныя патрабаванні: вызваліць незаконна затрыманых, правесці адкрыты падлік галасоў.

14 жніўня каля прахадной Бабруйскага шыннага камбінату двойчы збіраліся працаўнікі – удзень а 12-й і а 16:30. На першы сход змаглі выйсці не ўсе ахвочыя, бо пропускі забіраюць на пачатку працоўнага дня на прахадной, і ахова не пусціла за тэрыторыю прадпрыемства тых, хто быў на заводзе. Такім чынам, людзі сабраліся з абодвух бакоў прахадной. Агулам – больш за тысячу асобаў.

На вуліцу да людзей выйшаў ідэолаг заводу Юрый Андрыеўскі.

Працоўныя скандавалі «Лукашэнка, сыходзь», «Ціханоўская – наш прэзідэнт», «Жыве Беларусь». Патрабавалі, каб выпусцілі ўсіх з тэрыторыі заводу, але ахова не адкрыла турнікетаў. У нейкі момант абодва натоўпы сустрэліся ўнутры прахадной па розныя бакі ад пункта пропуску. Працоўныя патрабавалі, каб на вуліцах гораду і краіны спынілася свавольства міліцыі, каб а 16:30 да «Белшыны» прыехаў мэр Бабруйску ды паразмаўляў з людзьмі.

Мітынг працаўнікоў Белшыны ў Бабруйску.
Фота: «Белсат»

Пасля працоўнае змены а 16:30 людзі зноў сабраліся каля цэнтральнае прахадной. Iх падтрымаць прыйшлi звычайныя бабруйцы, працаўнiкi iншых прадпрыемстваў. Працоўны Стас збiраў у натоўпе подпiсы пад заяваю пра пачатак страйку з 15 жнiўня. Гэтую заяву ўсе, хто сабраўся, пайшлi перадаваць кiраўнiцтву заводу. Каля паўтары тысячы асобаў накiравалiся да будынку адмiнiстрацыi «Белшыны».

Каля адмiнiстрацыi да працоўных выйшаў старшыня афiцыйнага прафсаюзнага камiтэту Iгар Вежнавец. Яму перадалi заяву з патрабаваннямi спынiць гвалт сiлавiкоў, вызвалiць усiх незаконна затрыманых, ануляваць штрафы, паказаць людзям пратаколы падлiку галасоў на выбарчых участках.

Старшыня прафкаму Iгар Вежнавец.
Фота: «Белсат»

Прафкам у сваю чаргу зачытаў рэзалюцыю, прынятую на агульным сходзе Беларускага дзяржаўнага нафтахiмiчнага прафсаюзу. Гэтая рэзалюцыя адрасаваная Вярхоўнаму суду, Следчаму камiтэту, МУС ды iншым ведамствам. У ёй прафсаюз патрабуе тэрмiнова спынiць празмернае прымяненне сiлы мiлiцыяй, адпусцiць затрыманых, распачаць судовыя разборы ў дачыненнi тых сiлавiкоў, што дазволiлi i чынiлi гвалт з людзей, выйсцi на шлях мiрных перамоваў. Пасля зачытання заявы людзi пачалі разыходзiцца.

Мітынг працаўнікоў Белшыны ў Бабруйску.
Фота: «Белсат»

З падобнымі патрабаваннямі 14 жніўня ў Бабруйску выходзілі таксама працаўнікі ААТ «БЗТДiА» ды ААТ «Беллегпрамразвiццё».

Адначасова сёння ў Бабруйску вызвалілі частку затрыманых 9 і 10 жніўня.

НА belsat.eu

Стужка навінаў