«Белсату» – 12. Галоўныя дасягненні за мінулы год


Поспех новых праграмаў, рост папулярнасці ў інтэрнэце, трансляцыі з месца падзеяў, перамогі на кінафестывалі «Лістапад». Нашай камандзе ёсць чым пахваліцца. «Белсат» прымае віншаванні ў чарговы дзень народзінаў. Што новага прынёс нам мінулы год?

Больш жывых трансляцыяў з месца падзеяў

Галоўнай фішкай нашага тэлеэфіру ў 2019 годзе сталі адмысловыя жывыя трансляцыі з месца падзеяў у Беларусі, Літве, Расеі, Украіне, Італіі ды Святой Зямлі.

Нашая рэдакцыя інфармацыі рабіла наўпроставыя ўключэнні з эпіцэнтру найважнейшых падзеяў: святкавання Дня Волі ў Менску і Горадні, афіцыйнага Дня незалежнасці 3 ліпеня ў Менску, акцыі блогераў #чтодальше, дэманстрацыі «Чарнобыльскі шлях», серыі маскоўскіх пратэстаў улетку і з акцыяў «Абаронім незалежнасць» 7 і 8 снежня – пратэстаў супраць інтэграцыі Беларусі з Расеяй, а таксама мы асвятлялі дэбаты Пятра Парашэнкі з Уладзімірам Зяленскім, і падчас прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне зладзілі адмысловае выданне ў простым эфіры.

Падчас свята Божага Нараджэння ўпершыню ў гісторыі беларускага тэлебачання мы правялі адмысловыя трансляцыі з Ватыкану і Віфлеему, каб нашыя гледачы пабачылі святочныя літургіі наўпрост з цэнтраў хрысціянства.

Фота + Відэа
Урачыстае перапахаванне Кастуся Каліноўскага і ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гг. ВІДЭА
2019.11.22 09:14

22 лістапада, у дзень перапахавання Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў 1863–1864 гадоў, наш тэлеканал усталяваў мабільную студыю ў самым цэнтры Вільні, адкуль мы з гасцямі-экспертамі падрабязна каментавалі цырымонію, а нашыя рэпарцёры ішлі разам з шэсцем праз горад. Падчас эфіру, што доўжыўся больш за сем гадзінаў, «Белсат» паказаў тое, чаго не змаглі пабачыць на ўласныя вочы нават прысутныя на месцы, – імшу ў Віленскай архікатэдры і пахаванне паўстанцаў у капліцы на могілках Росы.

Срэбныя кнопкі YouTube

Hавiны
Першыя ў свеце: YouTube узнагародзіў беларускамоўны канал!
2019.04.15 16:55

Небывалы рост папулярнасці «Белсату» ў інтэрнэце мы адзначылі ў мінулым сезоне. Гэты поспех пацвердзіў і YouTube, на якім нашае тэлебачанне вядзе 8 каналаў. Сёлета мы атрымалі ад платформы дзве срэбныя кнопкі – для каналаў «Белсат News» і «Вот так». Такую адзнаку атрымліваюць YouTube-каналы, на якія падпісаліся 100 тысяч карыстальнікаў. «Белсат news» – першы ў свеце беларускамоўны YouTube-канал, што дасягнуў такога ахопу. Сёння колькасць падпісантаў на кожным канале ўжо перавысіла 141 тысячу.

Нашае відэа глядзяць не толькі ў Беларусі. Сюжэты пра падзеі ў Расеі, Украіне, Арменіі ды Казахстане збіраюць сотні тысяч праглядаў, а найбольш папулярныя відэа маюць мільёны праглядаў на YouTube.

Мы развіваем і шэсць іншых нашых каналаў: «Белсат Life», «Белсат Гісторыя», «Белсат Музыка», «Жэстачайшый мульт», «Biełsat po polsku», «Belsat in English».

«Белсат» ва Украіне

У Кіеве працуе прадстаўніцтва тэлеканалу. Да чатырох моўных версіяў інтэрнэт-старонкі belsat.eu (беларускай, расейскай, польскай і англійскай) мы дадалі і ўкраінскую, якую штодня абнаўляюць нашыя ўкраінскія калегі.

У эфіры ды інтэрнэце выходзіць новая праграма «Дарогамі Украіны». Яе аўтар, журналіст з Адэсы Усевалад Ананьеў, ездзіць на матацыкле па Украіне, каб паказаць, якімі праблемамі жывуць людзі праз пяць гадоў пасля Рэвалюцыі годнасці ды тое, як мяняецца нашая паўднёвая суседка.

«Белсат» рэтранслюе ўсё больш украінскіх аператараў кабельнага тэлебачання. Наш тэлеканал прысутнічае ў 21 з 27 рэгіёнаў Украіны.

Новыя праграмы на «Белсаце» – стрэл у дзясятку

Падчас планавання новых праграмаў «Белсат» кіруецца вынікамі сацыялагічных даследаванняў аўдыторыі. Мы ведаем, якія праграмы падабаюцца нашым гледачам. Новыя праграмы, узніклыя ў 2019 годзе, адразу набылі папулярнасць.

«Вечаровы шпіль» – сатырычны агляд падзеяў ад Алеся Карніенкі. Ён з поспехам увайшоў у эфір і на YouTube-канал «Вот так».

«Лабірынты» – новы цыкл гістарычных фільмаў пра трагічны лёс зорак беларускай культуры ў стагоддзе войнаў і рэпрэсіяў. Аўтары серыялу Валярына Кустава і Васіль Дранько-Майсюк ствараюць пакручастыя сцэнары, жанглююць рознымі жанрамі – ад эратычнай меладрамы да трылеру.

«Белсат едзе» – адмысловы летні цыкл, які таксама прыйшоўся да густу гледачам. Нашая каманда выязджала да людзей па ўсёй Беларусі, каб дазнацца і распавесці аб іхных праблемах, радасцях і поспехах.

«Лукавыя навіны» сярод прэм’ераў мінулага года – праграма, прысвечаная антыфэйкам. Журналісты каналу ладзяць уласныя расследаванні, каб высветліць, якім крыніцам інфармацыі можна давяраць, а якім – не.

«Давайце разбірацца» – праект журналісцкіх расследаванняў Станіслава Івашкевіча. У мінулым сезоне ён змяніў фармат і вырваўся ў топ самых папулярных праграмаў «Белсату» ў інтэрнэце. Яе аўтар з камандаю расследуе карупцыю ва ўладзе і тое, як чыноўнікі выводзяць грошы ў афшор, як аддаюць беларускую зямлю пад забудову сваім замежным сябрам.

Сцяпан Святлоў, вядомы таксама як блогер Nexta, стварае іранічны агляд падзеяў за тыдзень – «Суб’ектыў», які нязменна трапляе ў самыя папулярныя відэа.

Выйшлі другія сезоны цыклаў «Тэрыторыя праўды», міжнароднага ток-шоу, прысвечанага 70-годдзю NATO і 20 гадам пашырэння Паўночнаатлантычнага альянсу да межаў Беларусі, а таксама кулінарна-тэрапеўтычнага шоу «Я не буду гэтага есці». Дарэчы, неўзабаве мы рыхтуем новы сезон. Чакайце прэм’ераў!

Галоўныя ўзнагароды «Лістападу», і не толькі

Узнагароды галоўных беларускіх і замежных фестываляў для фільмаў і рэпартажаў «Белсату» – гэта ўжо звычайная рэч. Аднак для беларускіх дакументалістаў, якія ствараюць стужкі разам з намі, кульмінацыяй мінулага сезону стаў фестываль «Лістапад». У Менску тры нашыя фільмы атрымалі чатыры прызы. А фільм Андрэя Куцілы «Стрыптыз і вайна», які Міністэрства культуры летась нават не дапусціла да конкурсу, сёлета атрымаў спецыяльны прыз журы кінафестывалю. Рэжысёр Максім Швед сваім першым фільмам «Чыстае мастацтва» трапіў на высокія пазіцыі ды атрымаў адмысловую адзнаку Гільдыі кіназнаўцаў і кінакрытыкаў Беларускага саюзу кінематаграфістаў.

Выбіралі беларускую роднай

Hавiны
Спявачка Руся: мая мама – з Азербайджану, але беларуская мова – мая родная
2019.10.10 14:54

Беларуская мова і культура – сярод галоўных каштоўнасцяў «Белсату». Таму мы не маглі абмінуць перапісу насельніцтва, што прайшоў у кастрычніку 2019 года. Галоўнай мэтай нашай кампаніі «Беларускамоўны» было заахвоціць людзей пазначыць беларускую мову роднай. За такі выбар выказваліся дзеячы культуры і вядомыя асобы, некаторыя з якіх у жыцці расейскамоўныя, але на перапісе яны пазначалі беларускую мову роднай і заклікалі ўсіх рабіць гэтак сама.

Smart TV – планы на будучыню

Неўзабаве запрацуе функцыя «Белсат Смарт». Гэта дасць магчымасць глядзець у запісе тое, чаго вы не паспелі пабачыць у эфіры. Падрабязнасці – у наступным сезоне.

Такі быў год з «Белсатам»! Да сустрэчы ў наступным!

 

Стужка навінаў