«Белсат» запускае пазітыўную праграму пра замежнікаў у Беларусі


Анонс першага выдання праграмы «Welcome ў Беларусь»

Бабуля паказвае іспанцу жэстамі, як даіць карову. Італьянец вучыць старога вяскоўца вымаўляць слова «belissimo!». Паглядзіце, як замежнікі адкрываюць для сябе Беларусь, а беларусы – замежнікаў. Не пашкадуеце.

Прэм’ера новай праграмы «Welcome ў Беларусь» – ужо ў нядзелю, 10 чэрвеня, а 20:35. Яе аўтары – беларускія рэжысёры-дакументалісты Кацярына Маркавец і Максім Швед.

>>> Што яшчэ можна будзе паглядзець на «Белсаце» ўлетку?

Героямі праграмы стануць замежнікі, якія прыехалі ў Беларусь па бязвізавым рэжыме або з нагоды працы, стажыроўкі, вучобы ці жаніцьбы. Што і падабаецца ў нашай краіне, а што раздражняе? Абед у сталоўцы, пракат ровараў ці пасадка памідораў у гародзе – усё гэта выклікае бурную рэакцыю як гасцей, гэтак і тых, з кім яны сутыкаюцца.

Кожны герой робіць тое, што адпавядае ягоным зацікаўленасцям. «Разам з брытанцам Гленам Элісам мы трапілі на станцыю кальцавання птушак у Тураве, – распавядае Кацярына Маркавец. – Нам пашанцавала прыехаць туды ў канцы траўня, калі птушкі гняздуюцца. Калі арнітолагі адвезлі нас на лодцы на востраў, што месціцца на тэрыторыі заказніка «Тураўскі луг», мы проста вачам не паверылі! На кожным кроку пад нагамі ляжалі яйкі або птушаняткі. Хадзілі, як зачараваныя, вельмі павольна і асцярожна, каб нічога не пашкодзіць».

На здымках праграмы «Welcome ў Беларусь», заказнік «Тураўскі луг». Фота аўтараў праграмы

Француз Жан-Мары Бабон захацеў апынуцца на дахах менскіх дамоў.

«Не будзем раней часу казаць, што ён там задумаў рабіць. Зразумела, што задачка аказалася няпростая і для нас, і для яго! Гэта будзе выданне-казус! Не прапусціце!», – інтрыгуе Кацярына.

Каманда праграмы «Welcome ў Беларусь» падчас здымак разам з французам Жан-Мары Бабона. Фота аўтараў праграмы

Герой першага выдання, амерыканец Боб Экгард пастанавіў выправіцца на ровары ў Музейны комплекс старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогіяў «Дудуткі». Аўтары праграмы пераймаліся, ці здолее ён даехаць. «Я адмыслова паставіла на машыну багажнік, каб прычапіць ровар, калі ён стоміцца і захоча далей паехаць з намі, – узгадвае Кацярына. – Але як толькі мы стартавалі з Менску – нашага Боба было не відаць! – Ён ехаў па роварным маршруце, мы – па трасе. Стэлефаноўваліся, каб паздымаць яго на камеру, а потым зноў не маглі яго дагнаць. 45 кіламетраў Боб праехаў вельмі хутка!». Цяпер Боб у ЗША і прапануе Кацярыне і Максіму наступным летам выбрацца ў падарожжа на роварах вакол Беларусі.

Каманда праграмы «Welcome ў Беларусь» на здымках першага выдання разам з амерыканцам Бобам Экгартам (справа). Фота аўтараў праграмы

Наколькі еўрапейскай паспела стаць Беларусь за гэтыя гады? А колькі засталося савецкіх перажыткаў і недахопаў у турыстычнай сферы? Дзякуючы замежнікам, мы ўбачым краіну, у якой жывем, па-новаму.

>>> Што яшчэ можна будзе паглядзець на «Белсаце» ўлетку?

Інга Астраўцова

Стужка навінаў