«Белсат» цяпер у Smart TV


Каб глядзець «Белсат» было яшчэ зручней, мы стварылі ды запусцілі нашае новае прыкладанне BelsatSmart.

Прыкладанне ўжо даступнае

Калі ў вас няма спадарожнікавай антэны, вы можаце карыстацца нашым новым прыкладаннем BelsatSmart.

Дзякуючы гэтаму прыкладанню «Белсат» можна глядзець на падлучаных да інтэрнэту вялікіх экранах тэлевізараў, якія працуюць на аператыўнай сістэме Android, а ў хуткім часе – і на тэлевізарах Samsung i LG.

Прыкладанне таксама даступнае на ўсіх мабільных прыладах з аператыўнымі сістэмамі Android ці IOS.

Чаму менавіта цяпер

«Беларусы цікавяцца новымі тэхналогіямі. У нас вельмі распаўсюджаны шырокапалосны інтэрнэт, хутка расце IPTV, і шмат у каго ўдома ёсць вялікі плазмавы тэлевізар», – тлумачыць Вольга Швед, упаўнаважаная «Белсату» ў справе развіцця інтэрактыўных медыяў.

Гэта пацвярджае і статыстыка Белстату, паводле якой цягам апошніх гадоў рынак тэлевізараў у Беларусі імкліва расце. Тэлевізары ды прыстаўкі з тэхналогіяй Smart робяцца ўсё больш даступныя. Некалькі гадоў таму функцыі інтэрнэт-сэрвісаў былі толькі ў дарагіх мадэляў вядомых марак, а сёння Smart-функцыянал можна знайсці ў самых даступных па цэнах мадэлях, а таксама ў айчынных вытворцаў.

Плюсы SMART TV

«Улады перашкаджаюць усталёўваць спадарожнікавыя антэны. У тэлефонах людзі хутка чытаюць навіны, але пасля працы ніхто не хоча сядзець за камп’ютарам, а проста зручна ўладкоўваецца перад тэлевізарам. І цяпер мы даем такую магчымасць!» – кажа Вольга Швед.

Каб не прапусціць вашай улюбёнай праграмы або цікавага фільму, вы можаце паставіць сабе нагадванне: за 5 хвілінаў да пачатку трансляцыі вам прыйдзе паведамленне. Але калі вам не падыходзіць час эфіру, не хвалюйцеся, вы можаце паглядзець абраную праграму пазней, у зручны час. Яна будзе даступная ў меню старонкі.

«Карыстальнік па-рознаму ўспрымае інфармацыю, у залежнасці ад тыпу прыёмніка і пары дня. Калі вы можаце зручна сядзець на канапе з пультам у руцэ, вы, хутчэй за ўсё, паглядзіце больш працяглыя праграмы, якіх на «Белсаце» хапае», – разважае Вольга.

Што глядзець

Усе нашыя праграмы і фільмы выходзяць у HD, а некаторыя маштабныя праекты, напрыклад, навагодні канцэрт, – у якасці 4K.

Дзе знайсці прыкладанне

BelsatSmart шукайце ў крамах прыкладанняў (Google Play) i IOS (Appstore) на тэлевізарах з сістэмаю Android, а пазней Samsung і LG, а таксама на тэлефонах з Android i IOS.

BelsatSmart: глядзі сваё!

Стужка навінаў