«Народны альбом»: відэазапіс менскага канцэрту


Арганізатары «Народнага альбому» у Менску зрабілі сапраўдны падарунак прыхільнікам гэтага культавага праекту. 24 лютага беларусы наведалі знакаміты мюзікл пра жыццё заходнебеларускага мястэчка ў 1920-1930-х гадах. Выступ адбыўся пры поўнай зале, якая месціць 2000 чалавек. Канцэрт быў арганізаваны пры падтрымцы “Белсату” у клубе Prime Hall. На сцэну выйшлі Лявон Вольскі, Вераніка Круглова, Аляксандр Памідораў ды іншыя ўдзельнікі «Народнага альбому».

 

Тым, хто не атрымаў запаветны квіток рэдакцыя сайту belsat.eu прапануе ўзяць удзел у іншай гульне. Пільнуйце за нашае старонкай, хутка будуць падзабязнасці!

Што такое «Haродны альбом»?

Сяброўскі праект – капуснік – не на замову, без бюджэту, арганізаванае працы, планавання і менеджменту – стаўся самым значным музычным праектам у найноўшай беларускай гісторыі. Мы вяртаемся ў той час, калі задумваўся праект, і праходзім з удзельнікамі 20 – гадовы шлях ажно да рыхтавання рымейку на сцэне Падляскай оперы ў верасні 2016 – га.

Усе, хто меў дачыненне да «Народнага альбому», пасталелі. Лёс раскідаў іх па розных тусоўках і нават розных краінах. Сяброўскія стасункі не захаваліся. Шмат хто з іх сумняецца: а ці варта рэанімаваць тое, што было актуальна напрыканцы 90 – х? Некаторыя ж мяркуюць, што гэты праект – па – за часам, і цяпер, назапасіўшы досведу, яны здольныя надаць яму другое дыханне. Хто з іх мае рацыю? Ці змогуць удзельнікі сабрацца разам? А калі змогуць, ці здолее новая інсцэнізацыя паўтарыць поспех папярэдняй?

Упершыню за 20 гадоў «Народны альбом» выконваецца ў Беларусі дзякуючы супрацы з нашым каналам. Пра гэта казала падчас вераснёўскага канцэрту на опернай сцэне ў Беластоку дырэктарка тэлеканалу «Белсат» Агнешка Рамашэўская-Гузы.


Менскі канцэрт адбудзецца пры падтрымцы Польскага Інстытуту ў Менску ды Інстытут Адама Міцкевіча.

Мэтай Culture.pl, вядучай маркі Інстытуту Адама Міцкевіча, з’яўляецца прамоцыя Польшчы ды польскай культуры за мяжой. Пад маркай Culture.pl прэзентуюцца высакаякасныя ініцыятывы і падзеі, звязаныя з музыкай, дызайнам, літэратурай альбо тэатрам. Партал Culture.pl – інфармацыйны сэрвіс, які штодня паведамляе пра цікавыя падзеі польскай культуры ў цэлым свеце. Гэта таксама найбольш рознабаковая крыніца ведаў пра польскую культуру.

Аўтарам ідэі і прадзюсарам шоу-спектакля з’яўляецца тэлеканал «Белсат».

Спектакль рэжысёра Конрада Смугі ўпершыню быў паказаны летась на сцэне Беластокскай оперы як частка фестывалю «Усход культуры. Іншае вымярэнне». Касцюмы, графіка на маніторах – гэта ўсе было зроблена для беластоцкага канцэрту намі.


XX, belsat.eu

Стужка навінаў