«Белсат» прэзентаваў святочны дыск «Новае пакаленне на Новы год»


На стары Новы год наведнікі галерэі «Ў» атрымалі святочныя дыскі ад нашага тэлеканалу і паслухалі музыкі гуртоў «Navi» і «Tonqixod».

Тэлеканал «Белсат» 13 студзеня, на стары Новы Год, зладзіў у менскай галерэі сучаснага мастацтва «Ў» канцэрт-прэзентацыю дыска навагодне-калядных песень, якія былі запісаныя ў супрацы з Tuzin.fm для святочнага шоу ў ноч з 31 снежня на 1 студзеня «Новае пакаленне на Новы Год».

Падчас імпрэзы прадзюсар праекту, галоўны рэдактар музычнага парталу Tuzin.fm Сяргей Будкін распавёў пра цікавосткі ў працэсе запісу песняў.

Напрыклад, пра тое, чаму адзін з трэкаў выконвае без пары, асобна гурт «Navi». Выявілася, што ў апошні момант ад удзелу ў праекце адмовіўся Юзары – праз кантракт з Белтэлерадыекампаніяй пасля ўдзелу ў «Еўрабачанні-2015».

Дарэчы, сёлета адным з фаварытаў на тое, каб паехаць на гэты конкурс ад Беларусі называецца акурат «Navi». У фінале адборачнага конкурсу «Еўрафэст» праз тыдзень толькі гэты гурт прадставіць сваю кампазіцыю па-беларуску.

«Navi», а таксама гурт «Tonqixod» выступілі на прэзентацыі альбома, выдадзенага «Белсатам». Дыск атрымаў назву паводле адной з песень у ім -«Новы Год тут, Новы Год там».

Паўсотні слухачоў канцэрта-прэзентацыі, а таксама ўдзельнікі праекту (на імпрэзу завітаў, напрыклад, Алег Хаменка) атрымалі дыскі ў якасці падарункаў. Надалей гэтыя кружэлкі стануць прызамі ў розных разыгранках «Белсату». Ну і, натуральна, дыск будзе актуальным на калядна-навагоднія святы ў сутыку 2016 і 2017 гадоў.

Песні для праекту «Новае пакаленне на Новы год» выканалі:
«Vuraj» і «Cherryvata» – «Шчодры вэчор» (музыка гурта Vuraj і Дзмітрыя Літвіновіча, словы народныя)

Алесь Дзянісаў («Dzieciuki») і «Палац» – «Каляды» (музыка Алеся Дзянісава і Алега Хаменкі, словы Анатоля Брусевіча)

«Tonqixod» і Сяргей Пукст – «Марозная» (музыка гурта «Tonqixod», словы Уладзя Лянкевіча)

Vinsent і «Šuma Voices» – «Каляды» (музыка PSBeats, словы Vinsent/народныя)

«BosaeSonca» і Ганна Хітрык – «Феерверкамі» (музыка і словы Алеся Ката-Зайцава)

«Re1ikt» і Павел Аракелян – «Толькі снег» (музыка гурта «Re1ikt», словы Янкі Купалы)

Дзіцячы дуэт «Вера і Патрыцыя» і мужчынскі хор «Унія» – «Новая навіна» (музыка і словы народныя, апрацоўка Ірэны Катвіцкай і Кірылы Насаева)

«Navi» – «Новы год» (музыка і словы Арцёма Лук’яненкі)

«Trubetskoy» і Аляксандр Памідораў – «Цуд на Каляды» (музыка і словы Аляксандра Памідорава)

Зміцер Вайцюшкевіч і Pauline – «Бывайце здаровы» (музыка Ісака Любана, словы Адама Русака)

Стужка навінаў