Дырэктарка каналу: забараніць выкарыстанне лагатыпу «Белсат» наўрад ці магчыма


Сёння скончылася паўторнае слуханне ў справе «Белсату». Насуперак хадзе працэсу і факту, што пазоўнік не падаў ніякіх новых доказаў, Вярхоўны Суд задаволіў пазоў Андрэя Белякова і забараніў тэлеканалу выкарыстоўваць назву, гандлёвы знак «Белсат ТВ» пры трансляцыі на тэрыторыю Беларусі і на інтэрнэт-старонцы.

«Паводле суду, «Белсат» сваім фактам трансляцыі на тэрыторыю Беларусі дзейнічае на тэрыторыі Беларусі, чым парушае беларускае заканадаўства, выкарыстоўваючы гандлёвы знак «Белсат ТВ», – распавёў Міхась Янчук, які рэпрэзентаваў канал у судзе. – Суд забавязаў канал вярнуць судовыя выдаткі ў памеры Br 9 998 800 на карысць бізнесоўцы. Пра новыя маральныя шкоды Белякоў пакуль не заяўляў».

Паводле Міхася Янчука, прынцыповых зменаў у дзейнасці каналу гэты прысуд не прынясе: «Суд, які забараніў выкарыстанне лагатыпу, можа ўнесці belsat.eu ў рэестр забароненых старонак. Тады яго можна будзе глядзець праз адмысловую праграму для забароненых сайтаў».

На думку Міхася Янчука, момант прысуду абраны невыпадкова: «Толькі што скончыўся візіт у Варшаву Уладзіміра Макея. Паводле СМІ, ён быў паспяховы і вядзе да пацяплення стасункаў паміж Беларуссю, Польшчай і ЕЗ у цэлым. І раптам прымаецца рашэнне, якое намагаецца тарпедаваць дзейнасць галоўнага праекту польскага МЗС. У Беларусі ёсць сілы, якія зацікаўлены ў тым, каб пацяплення стасункаў не адбылося».

Са словаў дырэктаркі каналу Агнешкі Рамашэўскай-Гузы, ажыццявіць забарону на выкарыстанне лагатыпу «Белсат» на тэрыторыі Беларусі наўрад ці магчыма, бо знак зарэгістраваны на тэрыторыі Польшчы ды Еўразвязу. Такім чынам, назву можна выкарыстоўваць у міжнароднай сетцы «Інтэрнэт» і праграмах на спадарожніку.

На ейную думку, суд супраць «Белсату» – палітычна матываваны, і рашэнне аб забароне выкарыстоўваць гандлёвы знак – яшчэ адзін факт таго, што справа застаецца пад кантролем уладаў Беларусі.

2 і 3 верасня ў новым судовым працэсе прадстаўнікі бакоў яшчэ раз выклалі перад судовай калегіяй свае пазіцыі.

Дзяржаўны пракурор заявіла, што лічыць парушэнне тэлеканалам аўтарскіх правоў даказаным і просіць задаволіць пазоў бізнесоўца Андрэя Белякова.

Пяць месяцаў таму Вярхоўны Суд не задаволіў патрабаванняў бізнесоўцы, палічыўшы іх неабгрунтаванымі, і вынес рашэнне на карысць нашага тэлеканалу. Пераразгляд справы ініцыяваў прэзідыум Вярхоўнага Суда у сувязі з нібыта недасканалым вывучэннем доказаў. Гэтым разам справаю займаўся іншы склад суддзяў.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў