«Белсат» пакажа фільм, які забаранілі ў Расеі


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://youtu.be/0ZeQGcvgpbQ”][vc_column_text]Сёння ў эфіры – прэм’ера стужкі «Хайтарма» пра дэпартацыю крымскіх татараў.

Усе за аднаго

Фільм пераносіць гледачоў у 1944 год. Чырвоная Армія гоніць немцаў з Крыму, 17 траўня герой СССР маёр авіяцыі Амет-Хан Султан прылятае на сваім знішчальніку з франтавога аэрадрому ў кароткі адпачынак у родную Алупку. Раніцай наступнага дня паводле загаду Сталіна распачынаецца зачыстка паўвострава ад татараў – «бацька народаў» назваў іх здраднікамі ды прыслужнікамі Гітлера.

Людзей выганяюць з дамоў, дазваляючы ўзяць з сабой толькі запас ежы на два дні. Тысячы жанчын, дзяцей і старых грузяць у цягнікі і вязуць ува Узбекістан. Мужчынаў няма. 50 тысячаў крымскіх татараў змагаюцца ў шэрагах Чырвонай Арміі, а тыя, хто падчас акупацыі апынуўся ў нямецкіх атрадах (а іх было каля 15 тысячаў) адышлі з Вермахтам на захад.

Сталін, кіруючыся ўлюбёным бальшавікамі прынцыпам калектыўнай адказнасці, прызнаў увесь народ здраднікамі ды годнымі пакарання спасылкаю ў далёкія негасцінныя месцы.

Фільм здымалі ў Алупцы, Судаку і каля Бахчысараю – былой сталіцы Крымскага ханства. У масавых сцэнах падчас здымак бралі ўдзел 1 500 чалавек – у тым ліку тыя, хто сам перажыў дэпартацыю ў 1944-ым.

Прэмʼера фільма адбылася ў Сімферопалі 17 траўня – у 69-ую гадавіну пачатку дэпартацыяў. З Масквы на яе прыбыла дэлегацыя расейскіх лётчыкаў, якім генеральны консул Расеі ў Сімферопалі рэкамендаваў на яе не ісці, бо «фільм скажае гісторыю Вялікай айчыннай вайны».

Журналіста, які заўважыў, што генконсул зняважыў крымскіх татараў, Уладзімір Андрэеў папрасіў «запісаць ягоныя словы і пракручваць кожнаму крымскаму татарыну»:

«Маё слова і слова Расеі павіннае гучаць, павіннае быць вядома. У тым ліку і маё інтэрвʼю сёння для таго, каб праўда аб Вялікай айчыннай вайне гучала. У тым ліку з тымі эпізодамі, якія чамусьці 18 траўня замоўчваюцца. У гэтым фільме іх няма. Гэта менавіта тэматыка здрады».

Антытаталітарны = антырасейскі

У 2014-ым Расейская акадэмія кінамастацтваў узнагародзіла «Хайтарму» прэміяй «Ніка» як лепшы фільм краінаў СНД і Балтыі, але пазней расейскае Міністэрства культуры адмовіла «Хайтарме» ў пракатным пасведчанні – то бок, забараніла фільм да паказаў.

Прадзюсар і аўтар ідэі стужкі Ленур Іслямаў кажа, што фільм – не антырасейскі, а антытаталітарны:

«Камсамольская праўда» пісала, што ў «Хайтарму» павінныя былі ўвайсці вострыя антырасейскія кадры: напрыклад, эпізод, у якім супрацоўнік НКУС мочыцца на татарскіх дзяцей і старых, якіх гоняць у цягнік. Іх нібыта не ўдалося зняць, бо ніводзін расейскі актор не пагадзіўся граць у сцэнах, якія кідаюць цень на памяць аб ягоным народзе. Аднак нічога падобнага ў сцэнары не было. Мы здымалі не антырасейскі, а антытаталітарны фільм. Справа ў тым, што не ўсё ў Расеі разумеюць гэтую розніцу».

Што такое хайтарма?

«Хайтарма» па-татарску – «вяртанне», а таксама народны танец.

Прэмʼера фільму «Хайтарма» на «Белсаце» – у чацвер, 19 траўня а 22:35

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў