«БелДжы» запрапануе свае аўто таксоўцам


Завод «БелДжы» плануе павялічыць у два разы продаж сваіх аўтамабіляў у Беларусі. Па выніках мінулага года асноўны аб’ём продажаў прыйшоўся на Расею – 65 % вырабленых аўто, а 35 % – на беларускі рынак.

Сёлета такія суадносіны захаваюцца, піша myfin.by. Разам з тым плануецца павялічыць абʼёмы продажаў і прапанаваць аўто «БелДжы» таксоўцам. Пра гэта паведаміў першы намеснік міністра прамысловасці Беларусі Генадзь Свідзерскі на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры.

Генадзь Свідзерскі таксама паведаміў, што фізічныя асобы склалі 65 % пакупнікоў аўтамабіляў «БелДжы», астатнія пакупнікі юрыдычныя асобы – 35%.

Прадпрыемства ўжо зрабіла больш за 10 тысячаў аўто. З ростам абʼёмаў вытворчасці павялічыўся і калектыў заводу – з 500 да цяперашніх 1,2 тысячаў асобаў.

У мінулым годзе ў Беларусі было прададзена 3,44 тысячаў аўтамабіляў, вырабленых «БелДжы». Як паведамляў Myfin.by, на 2019 г. плануецца прадаць каля 7 тысячаў аўтамабіляў у Беларусі, і каля 15-18 тысячаў у Расеі.

У 2018 году завод паставіў на серыйную вытворчасць 2 красоверы і седан. Усяго, па словах першага намесніка міністра, у «БелДжы» атрымалася 27 мадыфікацыяў, якія прадпрыемства прапануе на рынку. Наагул у завода ёсць магчымасці для выпуску 162 мадыфікацыяў аўто.

«13 лютага мы выпусцілі на рынак чаканую мадыфікацыю «Атлас»- 1,8 Turbo, і да яе спажыўцы праявілі павышаную цікавасць, ёсць добрыя водгукі», – сказаў Генадзь Свідзерскі.

Намеснік міністра паведаміў, што прадпрыемства ўжо дамовілася працягнуць на 2019 год фінансавую праграму з БПС-Ашчадбанкам. А з двума астатнімі буйнымі беларускімі банкамі, якія падтрымлівалі завод, перамовы аб працягу праграмаў яшчэ вядуцца.

Генадзь Свідзерскі таксама сказаў, што ў Беларусі можа быць падрыхтавана адмысловая праграма па стымуляванні продажаў айчынных аўто не толькі звычайным спажыўцам, але і кіроўцам-прафесіяналам. І перспектыўным у гэтым плане бачыцца паступовы пераход беларускага парку таксовак на аўто «БелДжы». Для гэтага мяркуецца ўжыць стымулюючыя меры, прапанаваць таксоўцам найбольш выгадныя ўмовы для набыцця беларускіх аўто.

Першы намеснік міністра, адказваючы на ​​пытанне аб электрамабілях, растлумачыў, што ў бліжэйшы час «БелДжы» не плануе вырабляць электрамабілі.

Ён дадаў, што перамовы па пытаннях вытворчасці электрамабіляў вядуцца, але яшчэ няма ўзгаднення з галаўной кампаніяй Geely па падобных работах і пакуль што ня варта чакаць іх выпуску ад «БелДжы».

Магчыма, Geely ў перспектыве, вырашыць заняцца электрамабілямі, калі гэта будзе выгадны бізнес, выказаў здагадку намеснік міністра. Ён адзначыў, што тут на першы план для пакупнікоў выходзяць пытанні кошту і наяўнасці неабходнай інфраструктуры для абслугоўвання гэтых аўто.

Hавiны
«Беларусбанк» спыніў выдачу крэдытаў пад 1,9 % на набыццё Geely
2019.02.01 19:18

СК, belsat.eu

Стужка навінаў