СЗАТ «БелДжы» назвала ўмову, пры якой яно гатовае разглядаць выраб электрамабіляў у Беларусі. Пра гэта паведамляе БелТА.
Як адзначыў на прэс-канферэнцыі 10 сакавіка дырэктар прадпрыемства Генадзь Свідзерскі, мэтазгодна весці падрыхтоўку вытворчасці толькі тады, калі масавы попыт на электрамабілі будзе не менш за 5-10 тыс. аўтамабіляў на год.
«Калі б убачылі рынак 5-10 тыс. электрамабіляў, дык пайшлі б на засваенне», – заявіў Свідзерскі.
Паводле яго, на завод паступілі чатыры электрамабіля мадэлі Geely Geometry A. Але гэта цалкам кітайскія машыны, «БелДжы» да іх вытворчасці не мае дачынення. Адзін з электрамабіляў будуць тэставаць на заводзе, яшчэ тры неўзабаве паступяць у дылерскія цэнтры. Праўда, не для продажу, а для тэставання і вывучэння попыту.
Генадзь Свідзерскі таксама паведаміў, што для масавага выкарыстання электрамабіляў трэба ствараць больш камфортныя ўмовы. Адпаведныя праекты дакументаў у Беларусі рыхтуюцца, дадаў ён.
МГ belsat.eu