БелАЗ выйшаў на забастоўку. ВІДЭА, ФОТА


Страйк на «БелАЗе».
Фота: «Белсат»

Паводле інфармацыі нашых карэспандэнтаў, а таксама паводле Telegram-каналу Nexta рабочыя БелАЗу ў Жодзіна падтрымалі ідэю агульнанацыянальнага страйку на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

Працаўнікі заводу сабраліся ў двары. Да іх выйшла кіраўніцтва, завязалася гарачая дыскусія. Людзі крычаць, што не могуць так больш жыць, што яны не фашысты і не хочуць зла краіне. Кіраўніцтва ўгаворвае іх вярнуцца да працы. Жодзінцы падыходзяць да брамы «БелАЗа», пляскаюць у далоні і скандуюць «малайцы».

Рабочы «БелАЗа» абмяркоўваюць выбары 9 жніўня са старшынём Жодзінскага гарвыканкаму Дзмітрыем Заблоцкім, просяць паказаць ім вынікі галасавання, у прыватнасці выніковыя пратаколы па галасаванню. Старшыня гарвыканкаму заклікае сустрэцца ўвечары а 20-ай на цэнтральнай плошчы гораду. Жыхары Жодзіна пагадзіліся на гэтую прапанову. Заблоцкі сышоў ад прахадной заводу пад воклічы «Улада з народам».

Паводле непацверджанай інфармацыі, на заводзе не працуе мабільная сувязь.

Усе пад’езды да заводу перакрытыя супрацоўнікамі ДАІ. Да заводу пад’ехаць не магчыма, кажа наш карэспандэнт.

Афіцына кіраўніцтва заводу зняпраўджвае страйк, паведамляе ТАСС. Паводле прэсавай службы, на якую спасылаюцца расейскія журналісты, зараз кіраўніцтва гораду і заводу праводзяць сустрэчу з працоўнымі ў пытанні палітычнай сітуацыі ў краіне.

Частку працоўных закрылі ў адным з цахоў, паведамляе МБХ-медыя.

Вось яшчэ адно відэа, якое кажа пра страйк на прадпрыемстве.

Вось такі дыялог адбыўся ў нашага карэспандэнта з ідэолагам «БелАЗу», паводле суразмоўцы, на заводзе «усё спакойна».

– У нас сёння няма забастоўкі, у нас сустрэча з працоўным калектывам кіраўніцтва прадпрыемства і гораду.

– А хто ініцыятар сустрэчы?

– Канечне кіраўніцтва прадпрыемства.

– А якія пытанні разглядаюць?

– У працаўнікоў шмат пытанняў сабралася. І з кожнага структурнага падраздзялення. Адпаведна было прынята рашэнне, каб сустрэцца з людзьмі. А з увагі на складаную эпідэміялагічную сітуацыю вырашылі правесці сустрэчу на вуліцы. І з кожнага структурнага аддзялення прыйшлі людзі, якія задавалі пытанні?

– І якія пытанні задавалі?

– Я не была на сустрэчы, але запытваліся пра сацыяльныя моманты і вытворчасць.

– Значыць палітычных пытанняў не было?

– Не, не.

– Ніводзін палітычны аспект не цікавіць працаўнікоў заводу?

– Канечне, былі некаторыя пытанні палітычнага характару. Вядома. Паколькі прысутнічаў кіраўнік адміністрацыі гораду. Але на пытанні, якія задавалі, прагучалі кампетэнтныя і граматныя адказы.

– Але цяпер усё ў парадку? Забастоўка закончылася?

– Так, канечне, людзі пачалі працаваць, усе вярнуліся на працоўныя месцы.

«Людзі на вуліцах гораду кажуць, што тое, што абудзіўся БелАЗ – гэта перамога. Большасць мужчынаў у горадзе працуюць на гэтым прадпрыемстве. Цяпер усе падтрымліваюць адзін аднаго. Машыны сігналяць.Ёсць інфармацыя, што падтрымаць белазаўцаў выходзілі супрацоўнікі мясцовай ЖКГ. Па ўсім горадзе людзі хлопалі і крычалі »Жыве Беларусь!«, – распавяла »Белсату« жыхарка Жодзіна.

belsat.eu

Стужка навінаў