БелАЗ упершыню атрымае ад расейцаў кампенсацыю за выкарыстанне сваёй маркі


Сусветнавядомы вытворца гіганцкіх самазвалаў пераследуе ў Расеі прадпрыемствы, якія незаконна выкарыстоўваюць гандлёвую марку «БелАЗ», і ўпершыню ў гісторыю атрымаў за гэта матэрыяльную кампенсацыю, паведаміў сайт беларускай кампаніі.

Рэкардсмен сярод БелАЗаў – самазвал серыі 7571, які падымае да 450 тонаў. Фота – БелАЗ

БелАЗ паведамляе, што ў мінулым годзе праводзіў сістэматычную працу па абароне сваіх праў інтэлектуальнай уласнасці ў Расеі, выніку чаго падаў 17 позваў у арбітражныя суды Расеі, пасля разгляду 15-ці з каторых усе рашэнні былі вынесеныя на карысць беларускага аўтазаводу.

Агульная вартасць кампенсацый не называецца.

Цяпер на афіцыйным сайце БелАЗа размешчаны спіс са 242 арганізацыяў, якія займаюцца вытворчасцю і продажам неарыгінальных камплектуючых ці незаконна карыстаюцца гандлёвым знакам «БелАЗ». 123 з іх знаходзяцца ў Расеі, 78 – у Казахстане, а астатнія – у Украіне, Беларусі і Кітаі.

Цэх сталёвага ліцця на БелАЗе. Фота – БелАЗ

Асноўныя кліенты БелАЗа – Расея, Узбекістан і Казахстан. Таксама пастаўкі ідуць у Вялікую Брытанію, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Украіну, Зімбабве, ЗША, Марока і Нямеччыну. У 2016 годзе на задавальненне расейскіх замоваў ішло прыкладна 55% вырабленай тэхнікі БелАЗа.

На пачатку 2017 года БелАЗ таксама заявіў, што разглядае прапановы аб рэалізацыі прадукцыі за крыптавалюту.

Аляксандр Гелагаеў belsat.eu

Стужка навінаў