Белая пляма гісторыі. Выйшла кніга пра тое, як Сталін падмануў беларускіх эмігрантаў


Выдавецтва «Кнігазбор» выпусціла кнігу журналіста Валера Каліноўскага «Дзеці Францыі». У кнізе сабраныя гісторыі беларусаў, якія ў 20–30-ыя гады мінулага стагоддзя эмігравалі з Польшчы ў Францыю, а пасля вайны, паверыўшы ў сталінскую прапаганду, вярнуліся ўжо ў Саветы – там іх чакала галеча і рэпрэсіі.

Гэтая тэма ніколі раней не была пададзеная настолькі грунтоўна: апроч часткі з 14 асабістымі гісторыямі герояў, яшчэ дзве часткі кнігі прысвечаныя феноменам эміграцыі беларусаў у Францыю і рэпатрыяцыі ў СССР. Выданне насычанае архіўнымі фотаздымкамі, прыводзяцца шмат якія дакументы тых часоў.

З кнігі «Дзеці Францыі». Фота – belsat.eu

Калі сёлета на «Радыё Свабода» выйшлі першыя публікацыі пра лёс «дзяцей Францыі», героі – людзі ўжо вельмі сталага веку – самі пачалі званіць Валеру Каліноўскаму і распавядаць пра свае «французскае» жыццё, пра бацькоў, адпраўленых у ГУЛАГ, пра марныя спробы ўцёкаў з таталітарнай дзяржавы, каханне, страчаных сваякоў… Belsat.eu пагутарыў з аўтарам унікальнага гістарычнага даследавання.

– Чаму вы ўвогуле вырашылі ўзяцца за такую складаную, незвычайную тэму?

– Ідэя напісаць кнігу пра рэпатрыяцыю беларусаў з Францыі ў Заходнюю Беларусь саспела ў мяне паступова. Пра існаванне феномену я даведаўся даволі нядаўна, нягледзячы на тое, што адносінамі Беларусі і Францыі цікавіўся вельмі даўно, ведаю французскую мову, люблю французскую культуру – мне гэта блізка, я наагул франкафон і франкафіл. Мяне пазнаёмілі з адной сям’ёй, і я апублікаваў іхную гісторыю на «Свабодзе», думаючы, што гэтым усё і абмяжуецца. Але адгукнуліся іншыя сем’і ды папрасілі напісаць і пра іх – з Берасця, Докшыцаў… Гэтак да мяне трапіла гісторыя Ліліян Моніт (Пракаповіч), якая маленькай дзяўчынкай чакала свайго бацьку з ГУЛАГу. Той, рэпатрыянт з Францыі, хацеў вярнуцца ў гэтую краіну, нелегальна перасекшы мяжу, але быў схоплены… Яшчэ адна сям’я з Докшыцаў шукала сваяка, які не вярнуўся ў СССР, – сувязь з ім знікла ў 1954 годзе. Я вырашыў, што, калі я не запішу тое, што з імі адбылося, – ніхто ўжо гэтага не зробіць, варта закрыць белую пляму гісторыі. Апісанне лёсаў рэпатрыянтаў – чысты экзістэнцыяналізм. Бо людзі аказаліся вырваныя з адной рэчаіснасці і кінутыя ў іншую, дзе былі вымушаныя выжываць.

– Вядома, што Францыя ў міжваенныя дзесяцігоддзі сталася цэнтрам расейскай эміграцыі першай хвалі. А беларусы, якія эмігравалі ў Францыю ў 20-ыя і ў першай палове 30-ых – кім былі яны паводле свайго сацыяльнага паходжання? Ці магчыма вылучыць агульныя рысы такіх сем’яў, намаляваць пэўны партрэт?

– Натуральна, расейская эміграцыя, якая канцэнтравалася ў асноўным у Парыжы і ваколіцах, – гэты 50–70 тысячаў палітычных уцекачоў, збольшага белагвардзейцы, найвышэйшае саслоўе, капіталісты, духавенства. Існавала і вялікая польская дыяспара (570 тысячаў чалавек па стане на 1931 год), і шмат украінцаў з рабочага класу, і каля 50 тысячаў польскіх габрэяў… Іх усіх савецкая ўлада, дарэчы, імкнулася заманіць назад. Беларуская ж эміграцыя – гэта ў большасці сваёй сялянская маса, якая не мела зямлі і працы ў Польшчы, часам людзі малапісьменныя – у кантрактах ставілі крыжыкі. Яны хлынулі ў Францыю ў пошуках працы, каб зарабіць на зямлю, то была іхная мара. Працавалі ў Францыі па 10–15 гадоў на вугальных шахтах або фермах. Некаторыя, эміграваўшы ў 1929 годзе, нават паспелі зарабіць на зямлю, але па вяртанні ў Савецкі Саюз яе, натуральна, не пабачылі.

– Ці вядомая гісторыкам колькасць такіх эмігрантаў?

– У міжваенны перыяд з тэрыторыі, якая потым стала Заходняй Беларуссю, выехалі каля 30 тысячаў чалавек, – такую лічбу падаюць сучасныя навукоўцы. Гэта адбылося ў рамках «вялікай эміграцыі» з Польшчы, адкуль агулам да 1939 года выехалі каля 700 тысячаў чалавек.

З кнігі «Дзеці Францыі». Фота – belsat.eu

– А да якіх палітычных поглядаў гэтыя людзі схіляліся? Чаму гэтак лёгка іх здолелі пераканаць, што ў СССР бяспечна?

– Наагул сярод польскай эміграцыі таго часу дамінавалі камуністычныя погляды. Палякі арганізоўвалі страйкі, пратэсты, французская кампартыя была вельмі папулярная ў іхным асяроддзі. Беларусы таксама паддаваліся пад гэтыя настроі. Актыўна дзейнічала ў Францыі левая прэса – існавала адразу некалькі камуністычных польскамоўных і расейскамоўных выданняў.

– Як склалася, што менавіта Францыя стала папулярным месцам для польскай эміграцыі?

– Гэтая эміграцыя была ўрэгуляваная адпаведнай дамовай паміж Францыяй і Польшчай. У Польшчы легальна дзейнічалі французскія вербавальныя агенцтвы. Прыязджалі ў вёску, напрыклад. У сялянаў зямлі няма, працы няма – і да гэтых вербавальнікаў выстройваліся чэргі. Францыя тады мела вялікі брак працоўных рук, бо вельмі шмат людзей загінулі і былі параненыя, то бок страцілі працаздольнасць у Першай сусветнай вайне. Таксама Францыя атрымала рэгіёны Эльзас і Латарынгію, якія трэба было развіваць, і людзей не хапала. Увялі 8-гадзінны працоўны дзень, таму ўзнікла неабходнасць у працаўніках, каб забяспечыць вытворчасць. Агулам дэфіцыт працоўных сілаў складаў каля 3 мільёнаў чалавек. Французская прэса пісала пра гэта як пра «вялікую рану Францыі». Да таго ж ЗША – традыцыйны кірунак працоўнай міграцыі ў ХІХ стагоддзі – у той час эміграцыю з Еўропы як раз абмежавала.

Валер Каліноўскі. Фота – belsat.eu

–У прадмове да кнігі вы згадваеце, што разгаварыць вашых герояў было даволі цяжка. Чаго яны баяліся сёння?

– Сапраўды, некаторых даводзілася ўгаворваць. Спачатку я быў здзіўлены і не разумеў, чаму так адбываецца. Але я іх усё ж угаворваў, мы рабілі інтэрв’ю, а напрыканцы яны звычайна пыталіся: а ці гэта не нашкодзіць нам або нашым дзецям паехаць у Францыю? У іх з савецкіх часоў застаўся страх стаць невыязнымі. Усё жыццё людзі марылі паехаць у Францыю, а ім забаранялі. Вось і цяпер падумалі: можа, нешта скажуць, а беларускія ўлады ім або дзецям зноў забароняць выязджаць з краіны?

– Між іншым, а як «дзеці Францыі», чые сем’і спазналі савецкія рэпрэсіі, ставяцца да сучаснай беларускай улады?

– Спецыяльна я іх не распытваў. Разумееце, яны прыстасаваліся ў савецкія часы і выжылі, бо былі вельмі асцярожнымі і нічога лішняга не казалі. І цяпер ніхто лішняга не кажа. Страх застаўся. Але зразумела: калі яны самі імкнуцца паехаць у Францыю, калі хочуць, каб іхныя дзеці туды з’ехалі, значыць, ім тут не зусім добра.

З кнігі «Дзеці Францыі». Фота – belsat.eu

– У кнізе 14 гісторыяў рэпатрыянтаў. Вядома, для аўтара кожны герой каштоўны і кожны пакідае след у душы, але ці ёсць у вас нейкая гісторыя, якая асабліва зачапіла?

– Для мяне ўсе гісторыі вельмі важныя, яны ўсе мяне зачапілі. Мы фактычна з усімі гэтымі сем’ямі сталі сябрамі. Што мяне асабліва ўразіла – гэта гісторыя камуніста Ждановіча з Барысава і сям’і з 11 дзецьмі. Камуніст паверыў Сталіну, думаў, што тут дзеці будуць вучыцца, паедуць у Ленінград. А ім французскую адукацыю не залічылі, закінулі на запалкавую фабрыку, у брудную, шкодную вытворчасць. У іх змарнаваныя лёсы – 11 прыгожых дзяцей, якія маглі стаць архітэктарамі, лекарамі, артыстамі, завесці бізнес… Тады ўсе савецкія людзі цярпелі. Але вось яны былі самымі ўразлівымі, ім цяжэй было, бо непрыставаныя.

Але прыемна, што ў Парыжы я запісаў гісторыю Поля Шылянка. У 1958 годзе, калі яны ехалі ў госці ў СССР, іх фактычна выкралі, забралі пашпарты і не далі вярнуцца, усё жыццё яны пражылі ў Бабруйску. І толькі ў 2005-ым пяцідзесяцігадовы Поль вырашыў вярнуцца ў Францыю. Калі ён прыехаў у Парыж, то меў 400 еўраў, зефір бабруйскі і кавалак сала. Не ведаў мовы, не ведаў парадкаў. Але нарэшце ўладкаваўся на працу, знайшоў кватэру. І цяпер ён вельмі шчаслівы, што вярнуўся.

– Большая частка вашых герояў пазбеглі лагеру і самага страшнага – расстрэлу. А ці ёсць статыстка, колькі рэпатрыянтаў зазналі рэпрэсіі?

– Існуюць расейскія гісторыкі, якія пісалі на тэму рэпатрыяцыі, я на іх спасылаюся. Гісторык Зямскоў піша пра дзясяткі тысячаў рэпрэсаваных з мільёнаў тых савецкіх грамадзянаў, каго прымусова рэпатрыявалі з Еўропы. Але па беларусах такой інфармацыі няма. Агулам з 30 тысячаў беларускіх эмігрантаў у СССР прыехала толькі прыкладна 3 тысячы. Колькі з іх трапілі ў ГУЛАГ? Меншасць. З маіх 14 сем’яў трапіла толькі дзве. Але трэба ўлічваць, што я размаўляў з тымі, чый лёс склаўся больш-менш удала. Тыя, хто загінуў у ГУЛАГУ, – яны ўжо не маглі нічога распавесці.

– І большасць гісторыяў вашых герояў насамрэч сумныя. А ці былі выпадкі, калі людзі не шкадавалі пра пераезд у СССР?

– Так. Былі людзі камуністычных перакананняў. Напрыклад, Аляксандр Качан быў перакананым камуністам, ён лічыў, што трэба цярпець, бо церпіць уся краіна. Некаторым проста пашэнціла. Сцяпан Батура добра ўладкаваўся – ён скончыў інстытут замежных моваў, стаў паважаным выкладчыкам французскай…

– Тыя людзі, якія вярталіся ў СССР з Францыі – кім яны сябе лічылі паводле нацыянальнасці? Беларусамі?

– Складанае пытанне. Пра бацькоў казаць цяжка – я з імі не гутарыў. Яны мелі польскія дакументы, ехалі на радзіму, хацелі лепшага жыцця. Дзеці – іншая справа. Яны вельмі хутка асіміляваліся ў Францыі, ужо былі франкамоўныя – чыстыя дзеці Францыі. А па прыездзе ў СССР – абеларусіліся. Некаторыя казалі: «Я беларускі паляк, афранцужаны».

– Дапісаўшы кнігу, ці атрымалі вы адказ для сябе, навошта ўсё ж Сталін цягнуў гэтых людзей назад на радзіму?

– Гэтае пытанне задавалі і мае героі, яны самі не ведаюць адказу. Канешне, гэта была абсалютная воля Сталіна, ягонае рашэнне. Трэба было паказаць, што не толькі ўцякаюць з СССР, але і прыязджаюць назад. То бок зрабіць прапагандысцкі эфект на міжнародную супольнасць. Таксама была патрэба і ў працоўнай сіле пасля вайны. Дарэчы, камуністычныя ўлады Польшчы пасля вайны таксама вялі прапаганду, каб вяртаць палякаў з эміграцыі. Тыя палякі, хто вярнуўся, былі ў выніку незадаволеныя, але іхны лёс не настолькі трагічна складаўся.

– Напэўна, былі выпадкі, калі рэпатрыянтаў вербавалі савецкія спецслужбы?

– Натуральна. Нават вядома, што савецкая амбасада вербавала эмігрантаў, каб тыя агітавалі сярод сваіх землякоў за рэпатрыяцыю. У кнізе ёсць успаміны Алены Рашкевіч, чыя сям’я была актыўна звязаная з Кампартыяй Францыі, а дачка выйшла замуж за савецкага дыпламата. І вось гэты дыпламат завербаваў сваю цешчу: цэлы год яна ездзіла па Францыі і ўгаворвала беларусаў прыязджаць у СССР.

– На вашую думку, якую галоўную выснову мусіць зрабіць чалавек, прачытаўшы вашую кнігу?

– Выснову, што сталінскі рэжым быў злачынны. Гэта яшчэ адное выкрыццё злачынстваў сталінізму, гэтай бесчалавечнай сістэмы. Сталін зрабіў вельмі шмат зла не толькі народам СССР, але і «дзецям Францыі» – такі галоўны мой мэсідж.

Валер Каліноўскі. Фота – belsat.eu

– «Дзеці Францыі» – вашая трэцяя кніга, у 2016 годзе вы напісалі пра першую амбасадарку Польшчы ў Беларусі пані Эльжбету Смулкову, а яшчэ раней аб працэсе над Алесем Бяляцкім. Магчыма, вы маеце ўжо задумку для наступнай кнігі?

– Літаратары, якія пішуць мастацкую літаратуру, звычайна не распавядаюць пра свае творчыя планы. Але тыя хто піша нон-фікшн, не мусіць хаваць сваіх планаў, бо ад розных людзей можа прыйсці дадатковая інфармацыя, дадатковая падказка. Цяпер я працую над кнігай «Правіла жыцця Барыса Кіта» – самага старога беларуса ў свеце, патрыёта ЗША і Беларусі. Я з ім асабіста быў знаёмы 23 гады, зрабіў шмат інтэрв’ю, шмат гутарыў. Гэта выбітны беларус, які пражыў унікальнае, шчаслівае і паспяховае жыццё, нягледзячы на тое, што перажыў вайну, рэвалюцыю, турмы і камеру смяротнікаў. Я хачу распавесці пра ягонае жыццё, каб маладыя беларусы ведалі, з каго можна браць прыклад.

Кацярына Андрэева belsat.eu

Стужка навінаў