«Белавія» ўводзіць адносна недарагія безбагажныя квіткі


З 18 лістапада авіякампанія «Белавія» пераходзіць на новую структуру тарыфаў. Паводле кампаніі, гэта дазволіць пасажырам самастойна абіраць набор паслуг для пералёту. Таксама павялічваецца вага ручнога багажу – з 8 да 10 кг.

У новай сістэме тарыфаў будуць даступныя безбагажныя тарыфы. Колькасць месцаў і кошт квіткоў на розных тарыфах будзе вагацца ў залежнасці ад ёмістасці самалёту, колькасці пасажыраў і іншых фактараў. Розніца паміж коштам безбагажнага пералёту і мінімальным коштам квітка з багажом па маршруце «туды-назад» будзе да 65 еўра ў залежнасці ад кірунку. Гэтак, мінімальны кошт квітка «туды-назад» без багажу ў Калінінград будзе пачынацца ад 85 еўраў (мінімальны кошт з багажом раней і зараз быў ад 115), з Менску ў Прагу – ад 166 (мінімальны кошт раней з багажом – ад 204, зараз – ад 191), з Менску ў Кіеў – ад 109 (мінімальны кошт раней з багажом – 134, зараз – 139).

Hавiны
«Белавія» пачне лётаць у Вену ў 2020 годзе
2019.11.07 12:34

Усе тарыфы авіякампаніі падзеленыя на пяць груп: «Прома», «Лайт», «Смарт», «Флекс» і «Бізнес».

На тарыфах «Прома» і «Лайт» будуць прапаноўвацца самыя танныя квіткі. Абодва брэнда дазваляюць бясплатна перавезці толькі ручную паклажу вагой да 10 кг. Пры неабходнасці куплі багажу кошт правозу адной валізкі зніжаны з 50 да 25 еўраў для дадзеных брэндаў.

На тарыфе «Смарт» ужо ўключаны бясплатны правоз аднаго месца ручной паклажы вагой да 10 кг і зарэгістраванага багажу вагой да 23 кг. Тарыфы «Смарт» таксама дазваляюць бясплатны папярэдні выбар асобных катэгорыяў месцаў на борце самалёта.

Hавiны
«Wizz Air» з Менску пакуль будзе лятаць толькі ў Будапэшт
2019.10.10 16:43

Умовы тарыфу «Флекс» дазваляюць, акрамя бясплатнага правозу ручной паклажы, бясплатны правоз аднаго месца багажу вагой да 32 кг. Таксама даецца бясплатная паслуга папярэдняга выбару месца ў салоне, змены даты вылету і вяртання квітка.

«Бізнес» тарыф уключае ў сябе бясплатны правоз двух месцаў ручной паклажы вагой да 10 кг кожнае і двух месцаў зарэгістраванага багажу вагой да 32 кг кожнае, бясплатны папярэдні выбар месца на борце і магчымасць змены і вяртання квітка да і пасля вылету. Акрамя таго, такім пасажырам прапануецца прыярытэтная пасадка, абслугоўванне ў бізнес-зале і асобная стойка рэгістрацыі.

Спартыўны рыштунак перавозіцца без дадатковай аплаты на тарыфах «Смарт», «Флекс» і «Бізнес».

Новыя правілы тарыфаў распаўсюджваюцца на квіткі, набытыя з 18 лістапада ў межах новай тарыфнай канцэпцыі. Новыя правілы пра памеры кожнага месца ручной паклажы ўжываюцца да ўсіх квіткоў.

На безбагажных тарыфах ручную паклажу нельга будзе здаваць у багаж. У сувязі з гэтым варта памятаць, што забаронены правоз усіх вострых, рэжучых і колючыя прадметаў, выбуховых рэчываў, сціснутых і звадкаваных газаў. У ручной паклажы дазваляецца правозіць вадкасці агульным аб’ёмам 1 літр ва ўпакоўках не больш за 100 мл.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў