«Белавія» пачне лётаць у Вену ў 2020 годзе


Беларуская нацыянальная авіякампанія «Белавія» пачне выконваць рэйсы з Менску ў Вену ў 2020 годзе. Пра гэта дамовіліся міністр транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка з паслом Аўстрыі ў Беларусі Алаізай Вергеттэр, паведамляе прэс-служба Мінтрансу.

Раней рэйсы ў Вену з Менску здзяйснялі «Аўстрыйскія авіялініі». Цяпер самалёты паміж Менскам і Венай будуць лётаць 14 разоў на тыдзень, рэйсы будуць выконвацца перавозчыкамі дзвюх краін – па 7 разоў кожным бокам.

Паводле ацэнак «Белавія», выкананне ўласных рэйсаў у Вену дазволіць беларускаму перавозчыку павялічыць аб’ём экспарту паслуг, а таксама праводзіць гнуткую тарыфную палітыку на гэтым напрамку і прадставіць пасажырам больш прывабныя кошты.

Таксама гэта будзе спрыяць павелічэнню колькасці стыковак у Менску – узрасце транзітны пасажырапаток па сетцы «Белавіі».

Акрамя таго, на канферэнцыі Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі ICAO Air Services Negotiation Event 2019, якая пройдзе 2-6 снежня ў Іарданіі, плануецца правесці кансультацыі авіяцыйных уладаў дзвюх краін па пытанні павелічэння частот рэйсаў на напрамку Менск-Вена-Менск.

«Мы вельмі зацікаўлены ў развіцці нашай супрацы ў гэтым напрамку. Гэта адно з першачарговых пытанняў», – адзначыў Аляксей Аўраменка.

КА belsat.eu

Стужка навінаў