Беларускі нацыянальны авіяперавозчык «Белавія» плануе запусціць новы рэйс Менск-Запарожжа ў 2018 годзе.
Пра гэта паведаміў намеснік гендырэктара авіякампаніі Ігар Чаргінец у інтэрв’ю парталу ЦТС.
Ён дадаў, што раней авіякампанія хацела адкрыць рэйс у Дняпро, але ёй не далі дазволу.
«Адзінае, куды мы хацелі паляцець і нас не пусцілі – гэта Дняпро. Мы двойчы заяўляліся. Спачатку нам адмовілі летам 2016 года, на падставе таго, што на ўзлётна-пасадачнай паласе аэрапорта праводзяцца нейкія рэканструкцыі, тэхнічныя цяжкасці – мы гэта разумеем», – адзначыў намеснік гендырэктара «Белавія».
«А гэтай восенню на нашу паўторную заяўку атрымалі проста адмову. Гэта пэўнае парушэнні міжурадавага пагаднення паміж нашымі краінамі, якое таксама досыць ліберальнае. Дзіўна – грошы ім не патрэбныя», – дадаў Чаргінец.
Нагадаем, у мінулым годзе «Белавія» пачала выконваць рэгулярныя рэйсы ва Львоў.
КА, belsat.eu