Белы і чырвоны колеры – на сцягах, словы падтрымання і патрыятычныя песні – у паветры. Чарговая акцыя салідарнасці палякаў з беларусамі адбылася ў Беластоку.
Каля сотні палякаў, прадстаўнікоў беларускай меншасці і выхадцаў з Беларусі сабраліся ў Беластоку напярэдадні выбараў у Беларусі. Удзельнікі дэманстрацыі прынеслі бел-чырвоныя польскія сцягі і бел-чырвона-белыя – сімвал надзеі на дэмакратычныя змены.
Маніфестацыю арганізаваў фонд Беларускага дома ў Варшаве. Яго кіраўнік Алесь Зарэмбюк нагадаў прысутным, што 30 гадоў таму Польшча і Беларусь стартавалі з аднаго месца, але выбралі два розныя шляхі. Цяпер Польшча з’яўляецца для беларусаў прыкладам дэмакратыі і пераменаў да лепшага. Месца, дзе іх можна ўбачыць няўзброеным вокам, – падкрэсліў эмігранцкі актывіст. За гэтыя словы падзякаваў яго віцэ-мэр Беластоку Збігнеў Нікітаровіч.
https://www.facebook.com/belsatpopolsku/videos/1632204806938955/
Да прысутных таксама звярнуўся дэпутат партыі Грамадзянская платформа Робэрт Тышкевіч, старшыня парламэнцкай групы па справах Беларусі. Паводле яго словаў, беларусы маюць права на свабодныя, справядлівыя і дэмакратычныя выбары.
Арганізатары акцыі заклікалі палякаў быць салідарнымі з беларусамі ў цяжкі момант, калі пасля 26 гадоў кіравання Аляксандра Лукашэнкі людзі хочуць змены прэзідэнта.
Выбары адбудуцца 9 жніўня. Пасля 65-тысячнага мітынгу ў падтрыманне кандыдаткі Святланы Ціханоўскай чарговыя мітынгі ўлада пачала зрываць.
ПЯ, ЮЦ Belsat.eu