Беласток пісаў беларускую дыктоўку пад эгідай «Белсату»


Сёння ў Беластоку – у Дзень роднай мовы – беларусы Падляшша сустрэліся, каб сумесна праверыць веды беларускай мовы.

Арганізатарам мерапрыемства, якое з кожным годам становіцца ўсё больш папулярным, з’яўляецца арганізацыя прыватных школаў святых Кірылы і Мяфодзія ў Беластоку. Беларуская і ўкраінская мовы выкладаюцца ў іх як мовы нацыянальных меншасцяў.

У дыктоўцы прынялі ўдзел як вучні, так і старэйшыя аматараў беларускай мовы.

Праверыць свае веды па-беларуску ў «Дыктоўцы» сёлета вырашла рэкордная колькасць людзей, больш за 60 асобаў. Былі, у прыватнасці, вучні з Беластоцкай гімназіі № 7 і з школы ў Нарве. А таксама мясцовыя актывісты і журналісты.

У сёлетняй дыктоўцы прынялі ўдзел каля 60 асобаў
Фота: belsat.eu

Упершыню на «Дыктоўку» прыехала група маладых асобаў з Беларусі – вучні ліцэю імя Машэрава з Берасця ў суправаджэнні прадстаўніка амбасады Беларусі.

«Дыктоўку на працягу многіх гадоў пісала толькі наша школа, а цяпер ідэю перанялі і іншыя: «Дыктоўка» ужо ладзіцца ў Бельску Падляскім», – распавяла «Белсату» настаўніца беларускай мовы Яна Марко, арганізатар мерапрыемства.

Пасля афіцыйнай і мастацкай часткі мерапрыемства ў выкананні маладых беларусаў Падляшша, пачалася дыктоўка. Удзельнікаў падзялілі на тры групы – адна «дарослыя» і дзве «дзіцячыя».

У дыктоўцы прынялі ўдзел не толькі вучні, але таксама і старэйшыя аматары беларускай мовы.
Фота: belsat.eu

Усе тры працавалі з рознымі тэкстамі – кожны быў прысвечаны асобе праваслаўнага манаха, архімандрыта Гаўрыіла. У 2012 годзе Юры Каліна зняў пра яго дакументальны фільм створаны «Белсатам».

«Белсат» з’яўляецца інфармацыйным спонсарам і партнёрам беларускай дыктоўкі. Адзіная ў Беларусі беларускамоўная тэлевізійная станцыя ў Беларусі, асабліва сёлета падкрэслівае значэнне беларускай мовы.

Мастацкая частка беларускай дыктоўкі.
Фота: Цэзары Галінскі, belsat.eu

У межах кампаніі «Беларускамоўны» заахвочваем грамадзянаў Беларусі вывучаць і выкарыстоўваць нацыянальную мову ў паўсядзённым жыцці. Цяпер штодзённа родную мову выкарыстоўвае каля 3 % жыхароў Беларусі.

ВІДЭА
Святочны канцэрт да Дня роднай мовы
2019.02.19 18:27

pj/belsat.eu; фота: belsat.eu

Стужка навінаў