Беларусы здаюць прыхаваную на чорны дзень валюту, каб пражыць


Здаць прыхаваную на чорны дзень валюту, каб пражыць. З гэткаю рэчаіснасцю апошнім часам сутыкаецца шмат хто з грамадзянаў нашае краіны.

За мінулы месяц беларусы здалі амаль удвая болей валюты, чымся прадалі. Белстат падлічыў, што агулам з пачатку года насельніцтва прадало больш як $ 5 млрд. У выніку чысты продаж валюты перавысіў $ 1 млрд. Паводле назіранняў эканамістаў, выдаткоўванне валютных ашчаджэнняў наўпрост звязанае з эканамічнаю сітуацыяй.

«Гэтыя людзі не маюць іншых прыбыткаў акрамя валютных. Ну з чаго ім жыць? Яны здаюць гэтую валюту», – патлумачыў эканаміст Міхал Залескі.

Згодна з падлікамі Міхала Залескага, нашыя суайчыннікі толькі афіцыйна пераводзяць у валюту $ 1.5 млрд. і болей долараў за год. Замежныя грошы, на меркаванне эксперта, – усцяж найлепшы ў Беларусі спосаб захаваць зашчаджанае.

«Калі ў чалавека ёсць нейкія планы больш, чым на паўгады, то ён можа захоўваць толькі ў валюце. Тут трэба адзначыць, што беларусы больш любяць долар, чым еўра», – распавёў Міхал Залескі.

Прынамсі тыя, хто мае грошы на абмен. Істотная частка грамадства наагул не мае магчымасці ашчаджаць.

І гэта з улікам факту, што на бюджэтныя заробкі і пенсіі пражыць усё больш складана. Толькі ў першым паўгоддзі рэальныя прыбыткі беларусаў афіцыйна ўпалі на 7 %.

Вольга Жарнасек, «Белсат»

Стужка навінаў