Беларусы за Украіну. Без вока на фронце, без статуса ў Кіеве


У сярэдзіне тыдня ў Кіеве адзначылі пяцігоддзе Рэвалюцыі годнасці. Падзеі, якая перавярнула жыццё не толькі тых, хто стаяў па розныя бакі барыкадаў Майдану, але і агулам змяніла ўсю еўрапейскую і сусветную палітыку. Нашыя карэспандэнты ў Кіеве паразмаўлялі з беларусамі, жыццё якіх Майдан змяніў не менш рэвалюцыйна, чым палітычнае поле ў нашых суседзяў.

Пяць гадоў таму, калі пачыналіся першыя пратэсты ў цэнтры Кіева, цяжка было паверыць, што неўзабаве мы будзем прачынацца і засынаць пад стрым падзеяў з плошчы Незалежнасці ў цэнтры ўкраінскае сталіцы. Рэвалюцыю глядзелі ды рабілі онлайн, а Майдан стаў цэнтрам палітычнага жыцця на шмат месяцаў. Рэвалюцыя годнасці ў пэўным сэнсе яшчэ працягваецца.

«Рэвалюцыя – гэта злом старой сістэмы. Калі казаць пра злом старой сістэмы – так, гэтыя працэсы працягваюцца. Украіна жыла ў рэжыме алегархічнага кансенсусу, калі фактычна органы ўлады былі толькі дэкарацыяй да сістэмы дамоўленасцяў паміж буйнымі фінансава-прамысловымі групамі. Гэтая сістэма сфармавалася да першага Майдану і дасюль яна не зруйнаваная», – кажа Ігар Тышкевіч з Украінскага інстытуту будучыні.

Сярод тых, хто ехаў ва Украіну руйнаваць тую старую сістэму, – Ян Мельнікаў, яму 25 гадоў, і апошнія пяць Ян жыве ва Украіне.

«Канкрэтна, чаму я вырашыў ехаць 22 студзеня 2014 года на Майдан? Я прыйшоў дамоў і даведаўся ад таты, што на Майдане ёсць першыя ахвяры: Сяргей Нігаян і Міхась Жызнеўскі. І я зразумеў, што калі мой суайчыннік там аддаў сваё жыццё, я не магу і не маю маральнага права заставацца дома на канапе», – распавядае Ян Мельнікаў, беларус, які абараняў Украіну на Данбасе.

Пасля Майдану разам з іншымі актывістамі Ян далучыўся да добраахотніцкага батальёну, браў удзел у баявых дзеяннях на Данбасе. Да гэтага часу ён не мае легальнага статусу на тэрыторыі Украіны.

«Амаль як два гады я жыву мірным жыццём, займаюся грамадска-палітычнымі справамі. Не так даўно, у верасні, калі я не памыляюся, быў прыняты законапраект, які прадугледжвае легалізацыю ўсіх добраахвотнікаў, якія бралі ўдзел у вайне на ўсходзе Украіны. Я спадзяюся, што ў хуткім часе я змагу атрымаць статус для легальнага знаходжання ва Украіне», – працягвае Мельнікаў.

Народны дэпутат Украіны Ігар Гузь мае менш аптымізму ў гэтым пытанні. Адзінае, у чым ён пераконвае, афіцыйны Кіеў ні ў якім разе не будзе выдаваць замежнікаў, былых удзельнікаў баявых дзеянняў, на запыты іншых дзяржаваў.

«Працэдура атрымання ўкраінскага грамадзянства для замежных добраахвотнікаў, на сённяшні дзень, на вялікі жаль, прыпыненая. Гэта пазіцыя прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі. Наколькі мне вядома, гэта здарылася тады, калі шэраг грузінскіх добраахвотнікаў з падачы Саакашвілі атрымалі ўкраінскае грамадзянства і пасля ўключыліся ў палітычную барацьбу тут, ва Украіне. Але вы ведаеце, нас чакаюць выбары, мажліва, сітуацыя зменіцца», – тлумачыць народны дэпутат Украіны Ігар Гузь.

Былы палітвязень, а цяпер камандзір гранатамётнага аддзялення Аляксандр Малчанаў праблему легалізацыі развязаў іншых шляхам. Беларускі пашпарт захаваў, і замежнае грамадзянства не замінае яму праходзіць службу паводле кантракту ва Узброеных сілах Украіны. У войску Аляксандр служыць апошнія два з паловаю гады. Прыняў рашэнне вярнуцца на фронт нават пасля таго, як згубіў вока.

«Аднаго вока няма, дакладней, яно ёсць, але там проста сілікон, і ён нічога не бачыць. Касметычныя функцыі выконвае. Ехаў ваяваць, таму і вярнуўся на фронт. У мяне яшчэ другое вока ёсць, і я цалкам даю рады з тымі задачамі, якія на мяне ўскладаюць», – кажа камандзір гранатамётнага аддзялення Узброеных сілаў Украіны Аляксандр Малчанаў.

Аляксандр прызнаецца, што для яго служба ў войску – гэта ўжо прафесія, і вяртацца да мірнага жыцця бліжэйшым часам ён не плануе. Што да гадавіны Майдану, шмат хто ў войску нават не ведае гэтай даты, ужо не кажучы пра тое, каб неяк адзначаць 21-га лістапада.

«У нас шмат хто аб гэтай даце нават і не ведае. Для тых, хто ў Кіеве, – гэта падзея, на нас гэта ніяк не ўплывае. Кожны дзень гінуць людзі, кожны дзень абстрэлы, як гэта можна назваць, калі не вайною?», – запытваецца Аляксандр Малчанаў.

Шматлікія беларусы ўспрынялі пратэст на Майдане незалежнасці ў Кіеве як сваю справу. Рэвалюцыя годнасці дала надзею тым, хто хацеў большай свабоды ў Беларусі. Некаторыя з іх пайшлі далей і штодзённа працягваюць рызыкаваць сваім жыццём каб абараніць Украіну. Цяпер яны, як і Аляксандр Малчанаў, застаюцца на лініі фронту на Данбасе ці ў Кіеве. У Беларусі іх чакае турма.

Сюжэт паказалі ў праграме «Праcвет» з Сяргеем Пелясою:

Глядзі таксама
Каментары