Беларусы, як тыя павукі, самі сябе нішчаць. Пра што насамрэч «Паўлінка» Купалы?


Калі прапануеш сённяшнім студэнтам-тэатралам паставіць «Паўлінку», многія з іх незадаволена крывяцца. Што ў ёй цікавага? Каму патрэбна гэтая прымітыўна-смяшлівая п’еса, якая стала для Купалаўскага тэатра такой жа сэнсава значнай, як матрошкі для Арбата?

Упершыню сваё сцэнічнае ўвасабленне «Паўлінка» атрымала роўна 105 гадоў у віленскім рабочым клубе «Сокал». Паставіў яе Аляксандр Бурбіс, кіраўнік Беларускага музычна-драматычнага гуртка. Акторы «ня ўмелі сваіх ролей, калечылі са сцэны беларускую мову», але публіцы спадабалася (калі беларусам у сваім тэатры што не падабалася?). Бурбіс зрабіў, як умеў, займальны вадэвіль, месцамі нават не горшы за антрэпрызу. Калі ж спяваў хор, пачыналіся скокі, дык вясёлым гледачам увогуле было не важна, на якой мове гавораць артысты, і чаму фінал нешчаслівы. Публіка патрабавала на біс яшчэ песні і танцы, а самыя разняволеныя далучаліся да артыстаў, паказвалі сваё ўменне скакаць полечку альбо лявоніху.

Будынак, у якім размяшчаўся Рабочы клуб «Сокал», дзе адбылася першая пастаноўка «Паўлінкі»

Менавіта з гэтага першага паказу для ўсіх беларускіх рэжысёраў усталявалася цвёрдае правіла – «Паўлінка» гэта вадэвіль! І Фларыян Ждановіч, і Францішак Аляхновіч, і Еўсцігней Міровіч, і сённяшнія чараўнікі беларускай сцэны былі непарушныя ў гэтай думцы, як таксама і ў тым, што канцоўка Янку Купалу не ўдалася. Ну як гэта можна, каб Паўлінка з Якімам не здолелі ўцячы пад вянец? Ніхто не слухаў самога Янку Купалу (бо што ён можа ведаць у драматургіі!). Еўсцігней Міровіч, не гледзячы на пратэсты паэта, перапісаў фінал. Аляхновіч зрабіў свае альтэрнатыўныя «Заручыны Паўлінкі». Толькі, калі ў 30-ыя гады Павел Малчанаў ставіў гэтую п’есу для бабруйскай сцэны Купала катэгарычна адмовіў мяняць канцоўку. Малчанаў успамінаў, што: «…з пераробкай фіналу «Паўлінкі» у мяне нічога не атрымалася. Купала не згадзіўся мяняць яго: «Так было напісана, так няхай і застаецца!»

Янка Купала, пасля другой пастаноўкі «Паўлінкі» (люты 1913 г.)

Чаму пісьменніку было важна захаваць смутнагляднае завяршэнне п’есы?

А таму што ніякага вадэвілю, ён не пісаў! І няхай не бянтэжыць тое, што ў зборніках «Паўлінка» названая «камедыяй». «Сцэны са шляхоцкага жыцця» – так першапачаткова аўтар вызначыў жанр свайго твора.

Так, п’еса і сапраўды пачынаецца дастаткова вадэвільна: ёсць і пара закаханых, якім не даюць пабрацца ўпартыя бацькі, прысутнічае камічная сям’я Пустарэвічаў, ёсць галоўны блазан – няўдалы жаніх пан Быкоўскі… Амаль большую палову твора напаўняюць песні, жарты, меладраматычна-камічныя перажыванні, але затым, паступова Янка Купала мяняе настраёвы рэгістр. Тое, што здавалася мілым і забаўляльным, набывае рысы гратэску ў стылі Гойі. Першым такі страшны эпізод, калі тата Паўлінкі рве фотакартку Якіма, а п’яны Пустарэвіч радасна вішчыць, аб інквізітарскім судзе.

Пры ўважлівым чытанні нават самых вясёлых эпізодаў мы бачым дастаткова сумную карцінку: тут ніхто нікога не любіць. Няма кахання ў сем’ях, пануе абгавор і ўзаемны недавер, усе маняць, п’юць. Вядомыя і знаёмыя рэаліі нашага пабытовага, культурніцкага ці палітычнага жыцця! Паступова разумееш, чаму Паўлінка хоча адсюль вырвацца, яна задыхаецца ў гэтым гідкім пачварным свеце, дзе з яе хочуць зрабіць такую ж маральную і духоўную пачвару, якой з’яўляюцца яе бліжнія. Успомнім, як гэтаксама і Купала імкнуўся ўцячы з Вільні ў Пецярбург (сваю п’есу ён стварыў акурат вырваўшыся ў горад Дастаеўскага). А ў 30-ыя марна марыў уцячы з таталітарнай Беларусі ў Прагу ці Парыж…

Раман Семашкевіч. Янка Купала, 1932 г.

У канцы п’есы, як мы ведаем, Якіма Сароку па даносу бацькі Паўлінкі, садзяць у турму, а яго Паўлінка, якая пачынае сваё сцэнічнае існаванне тыповай вадэвільнай гераіняй, вар’яцее ад гора, ператварыўшыся ў Афелію.

Свае здалі свайго – вось пра што Янка Купала напісаў п’есу. Паводле аўтара бяду трэба чакаць не ад акупацыйных уладаў (царскіх, сталінскіх, нацыскіх). Беларусы, як тыя павукі, самі сябе нішчаць. І пакуль гэтая «мілая» заалогія будзе працягвацца, нічога добрага чакаць не давядзецца.

Вось чаму для Янкі Купалы быў прынцыповы менавіта такі фінал. Вось чаму ў 30-ыя гады (час татальных даносаў) ён прымусіў Малчанава паставіць «Паўлінку» такой, якая яна і павінна быць.

Ці знойдзецца сёння ў Беларусі рэжысёр, які здзейсніць падобнае? Ці пабачым мы калі-небудзь спектакль, паводле гэтай п’есы, такім, якім яго задумаў Янка Купала?

Васіль Дранько-Майсюк, belsat.eu

Стужка навінаў