Беларусы Варшавы распавялі, што збіраюцца рабіць 9 жніўня


Пікет у цэнтры Варшавы з патрабаваннямі вызваліць палітычных зняволеных у Беларусі. 15 ліпеня 2020 года.
Фота: Damian Lugowski / Forum

Грамадзяне Беларусі, якія жывуць у польскай сталіцы, распавялі «Белсату» пра спробу паўдзельнічаць у ініцыятыве «Голас» з-за мяжы, працу амбасады напярэдадні выбараў і аб тым, як у нядзелю беларусаў падтрымае мэрыя Варшавы.

Кірыл, бухгалтар і барыста

Я не цікавіўся палітыкай да сакавіка гэтага года. Цяпер чытаю навіны і сачу за сітуацыяй на радзіме. Праўда, акрамя пачуцця злосці і бяссілля гэта нічога не прыносіць. Ёсць адчуванне, што людзі, якія звязаныя з уладай –нацыянальныя СМІ, міліцыя –займаюцца абслугоўваннем неўрозаў і страхаў аднаго старога чалавека. Дзевятага жніўня пайду галасаваць разам з сябрамі.

Андрэй, манціроўшчык сцэны

Галасаваць не буду. Мае сябры некалькі дзён хадзілі пастаяць пад пасольствам у чарзе – так і не зарэгістраваліся. Я не веру ў сумленнасць выбараў у Беларусі. Не веру, што такім спосабам можна нешта змяніць. Тым больш, як высветлілася, я працую ў гэты дзень. Лукашэнка выразна дае зразумець, што за крэсла будзе трымацца да апошняга. Па-мойму, ёсць два шляхі змены палітычнага дыскурсу ў краіне: альбо мірныя дэманстрацыі і забастоўкі, альбо як у Румыніі пазбавіліся ад Чаўшэску.

Кацярына, прадавец-кансультант у краме адзення

Хачу зрабіць усё магчымае, каб падтрымаць народ: буду стаяць пад пасольствам у чарзе, надзену белую стужку, калі пашанцуе – прагаласую. На жаль, даслаць бланк на платформу «Голас» не атрымаецца [зарэгістравацца на платформе можна толькі з беларускага нумару. – Заўв. «Белсат»]. Абавязкова буду ўдзельнічаць у экзітполе на выхадзе.

Пікет «Салідарныя з беларусамі і беларускамі» ля амбасады Беларусі ў Варшаве, арганізаваны штабам польскага палітыка Шымона Галаўні. 7 жніўня 2020 года.
Фота: Damian Lugowski / Forum

Мне не ўдалося стаць на ўлік у консульстве і зарэгістравацца ў спісах выбаршчыкаў з-за вялікай чаргі і аднаго акенца, якое працуе. За цэлы працоўны дзень прымалі толькі на працягу дзвюх гадзін. Паспрабую вырашыць гэтае пытанне ў дзень выбараў.

Сяргей, прадпрымальнік

Усе мае сябры і сваякі ўдзельнічаюць у пратэстах і збіраюцца галасаваць 9 жніўня – нават тыя, хто раней гэтага не рабіў. Я пайду на выбары, хоць у консульства яшчэ не звяртаўся.

Я зарэгістраваўся на платформе «Голас», хацеў бы адправіць фота бланка, але на ўваходзе ў консульства забіраюць тэлефоны. Застаецца толькі экзітпол на выхадзе – у ім буду ўдзельнічаць.

Алесь Зарэмбюк, кіраўнік Беларускага дома ў Варшаве

Беларускі дом разам з польскімі палітыкамі і грамадскімі дзеячамі звярнуўся да ўладаў Варшавы, каб будынак Палаца навукі і культуры быў падсвечаны ўвечары дзявятага жніўня бел-чырвона-белымі кветкамі ў знак салідарнасці з беларусамі.

Непасрэдна ў дзень выбараў мы правядзем незалежны экзітпол. Мы падрыхтавалі некалькі дзясяткаў валанцёраў, якія будуць апытваць людзей на выхадзе з амбасады аб тым, каму яны аддалі перавагу. Хочам зверыць гэтыя дадзеныя з тымі, якія, магчыма, апублікуе пасольства.

Алесь Зарэмбюк (крайні справа) на пікеце ля беларускай амбасады ў Варшаве. 7 жніўня 2020 года.
Фота: Damian Lugowski / Forum

Зараз пасольства робіць усё, каб дэмабілізаваць беларусаў: не рэгіструе, не пускае. У сувязі з гэтым я звярнуўся да амбасадара Уладзіміра Чушына з просьбай павялічыць колькасць кабінак на ўчастку ў Варшаве. Калі гэта немагчыма – каб зрабілі як палякі падчас апошніх выбараў прэзідэнта ў Польшчы, калі на некаторых участках людзей пускалі пасля іх закрыцця. Альбо як ва ўкраінскім пасольстве ў мінулым годзе, калі незадоўга да васьмі вечара ў амбасаду далі ўвайсці ўсім людзям з чаргі. Прыклады, як гэта можна зрабіць, ёсць.

Мы ўжо сабралі некалькі тысяч злотых для рэпрэсаваных у Беларусі і разам з палякамі падпісалі некалькі соцень паштовак для палітычных зняволеных.

Удзельнікі пікету ля амбасады Беларусі ў Варшаве 7 жніўня 2020 года.
Фота: Damian Lugowski / Forum

Складана сказаць, што будзе пасля дзевятага. Не дай бог, рэпрэсіі ці кроў – трэба будзе рабіць усё магчымае, каб дапамагчы суайчыннікам у Беларусі. Спадзяюся, гэтыя сумныя сцэнары не адбудуцца.

Адно адно, адна кабінка

Увесь мінулы тыдзень ля амбасады Беларусі ў Варшаве штодня стаялі чэргі ў некалькі дзясяткаў чалавек, якія жадаюць зарэгістравацца ў якасці выбаршчыкаў і перадаць дадзеныя пра гэта ў Беларусь, каб іх выкраслілі са спісаў на ўчастках па месцы рэгістрацыі. На думку многіх хто чакаў, амбасада штучна заніжала прапускную здольнасць дыппрадстаўніцтва (там працавала адно акно), спасылаючыся на эпідэмію каронавірусу. Па гэтай жа прычыне ў нядзелю там будзе адкрыта толькі адна кабінка для галасавання. Тым, хто хвалюецца, што не паспее аддаць голас, пасольства рэкамендавала галасаваць датэрмінова.

Яна Пракопчык / ДД /АА belsat.eu

Стужка навінаў