Беларусы не могуць вярнуцца з Тайланду. «Белавія» прапанавала квіткі за неверагодны кошт


Прыблізна 170 грамадзянаў Беларусі дасюль не маюць магчымасці трапіць дадому з Тайланду. Беларусаў з Індыі, Тайланду і В’етнаму меліся забраць казахскія авіялініі, але ў выніку нашыя суайчыннікі скарыстацца магчымасцю эвакуацыі не здолелі. 14 сакавіка ім паведамілі, што эвакуацыйны рэйс «Белавіі» Усць-Каменагорск – Менск адмяняецца з арганізацыйных і фінансавых прычынаў. Кацярына з Мар’інай Горкі, якая захрасла ў Тайландзе з дачкою, распавяла пра нечуваны кошт на квіткі «Белавіі» ды адсутнасць дапамогі з боку беларускага МЗС.

Кацярына прыляцела з 6-гадовай дачкой у Азію 5 сакавіка, яшчэ да выбуху эпідэміі каронавіруса ў гэтым рэгіёне. Жанчына тлумачыць, што квіткі набыла некалькі месяцаў таму і хацела аздаравіць дзіця, якое апошнім часам часта хварэла. Жыхарка Мар’інай Горкі думала здаць квіткі, але сястра, якая жыве ў Тайландзе, запэўніла, што там бяспечна: выпадкаў заражэння на той момант было няшмат.

Бангкок. Фота «Белсат»

Зваротныя квіткі беларуска мела на 4 красавіка, але ўжо праз паўтара тыдня з дня іхнага прыезду сітуацыя кардынальна памянялася. Цяпер там, як і ў большасці дзяржаваў з каранцінам, працуюць толькі крамы з харчамі першай неабходнасці ды аптэкі, дзеіць каменданцкая гадзіна і пакаранне штрафам $ 600 за выйсце без маскі на вуліцу, транспартавае злучэнне спыненае. У той самы час мяжу Беларусі з Расеяй закрылі, трансфер з Масквы да Менску, якім Кацярына мелася даляцець дадому, адмянілі.

«Адзінае, што дазволілі транзітны пераход, калі ёсць квіток «Белавіі» да Менску з Масквы. Мы набылі квіткі на самалёт «Белавіі» і былі спакойныя, што паляцім. Але праз пару дзён увялі абмежаванне на колькасць пасажыраў, якія могуць прыбыць у «Шарамецьева»: 500 чалавек з усіх краінаў. Яшчэ праз пару дзён «Аэрофлот» ануляваў усе раней купленыя квіткі і заняўся эвакуацыяй выключна расейцаў. Тым часам «Белавія» адмяніла ўсе палёты».

Hавiны
Беларуска ў В’етнаме: вяртацца цяпер – небяспека для сябе і сваякоў!
2020.04.13 12:23

Спачатку беларускі бок планаваў дамовіцца на эвакуацыю Балі – Тайланд – Вʼетнам – Казахстан – Менск, якая мелася каштаваць Кацярыне $ 1600 за два квіткі. Аднак гэтым рэйсам 14 красавіка паляцелі толькі расейскія турысты. Новая прапанова дыпламатаў яшчэ даражэйшая: беспасярэдні чартарны рэйс «Белавіі» Тайланд – Менск за $ 1900.

«Мы страцім прынамсі $ 2500. «Аэрофлот» не вяртае грошай за нерэалізаваныя квіткі, можна толькі рабіць новую рэзервацыю. Я нават не ведаю, дзе ўзяць такія грошы. Я адна выхоўваю дзіця, аліменты маленькія. Расейцам эвакуацыя каштавала € 400 з чалавека, а для нас – $ 950. Нам вырашылі не памагчы, а зарабіць на нас».

Бангкок. Фота «Белсат»

Беларуска кажа, што не наракае ўпустую, але спадзявалася на дапамогу, якую іншыя краіны даюць сваім грамадзянам.

«Расейцам давалі нават грошы на жыццё, $ 30 на чалавека. Дзяржава хоча ад нас $ 1900. Што гэта за эвакуацыя? Я не адмаўляю, што рызыкавала, калі сюды ляцела, але квіткі ў тры разы даражэйшыя. Гэта ненармальна».

Кацярына дадае, што цяпер застаецца чакаць 1 траўня, калі адкрыюць мяжу Беларусі з Расеяй. Жанчына спадзяецца, што «Аэрофлот» пагодзіцца іх забраць.

«У нас пакуль ёсць дах над галавой, але і гэта хутка скончыцца. Калі нас не забярэ «Аэрофлот», трэба будзе думаць, што рабіць. Браць крэдыт ці што, пакуль не ведаю».

Амбасада Беларусі ў Вʼетнаме абяцае, што будзе прапрацоўваць магчымыя варыянты эвакуацыі. Аднак канкрэтных датаў не падае.

Hавiны
Больш за 300 беларусаў захраслі ў Індыі. «Радзіма нам патрэбная, а вось ці патрэбныя мы радзіме?»
2020.04.01 15:51

ДР belsat.eu

Стужка навінаў