Беларусы скінуліся на камяні для Крэўскага замку. Іх набылі за адзін дзень


На рэканструкцыі помніку гісторыі і культуры XIV стагоддзя скончыліся камяні, а ў бюджэт рэстаўрацыі сёлета іх набыццё не закладзенае. Журналіст Глеб Лабадзенка прапанаваў беларусам набыць камяні самастойна – гэта зрабілі за адзін дзень. Але прывезці іх у Крэва можна і самастойна. Карэспандэнтка «Белсату» Вольга Чайчыц павезла ў Крэва камяні з Фаніпалю.

«Іх хапала спачатку, але цяпер не хапае, – працаўнік у Крэўскім замку паказвае на сцяну даўжынёю 100 і вышынёю каля 12 метраў.

Патрэбныя камяні дыяметрам 30–50 сантыметраў, але можна і меншыя – яны пойдуць у забутоўку.

Прывезеныя камяні можна пакідаць проста каля ўваходу.

Аб праблеме ў сацыяльных сетках паведаміў вядоўца «Белсату» Глеб Лабадзенка.

Журналіст Глеб Лабадзенка заклікаў самастойна прывозіць камяні ў Крэўскі замак, ды пачаў збіраць грошы, каб замовіць аўтамабілі з камянямі

«Учора людзі ахвяравалі грошы – сёння камяні на версе замкавай сцяны. Разумееце! У чым сіла грамадства! Мы можам імгненна: учора сабраць грошы, а сёння з раніцы 6 тон камянёў ужо прыехала ў замак. Так хутка ні адзін будаўнічы трэст не працуе», – кажа Лабадзенка.

Адразу ж знайшліся ахвочыя далучыцца, сярод іх тыя, хто гатовы ахвяраваць не малыя сумы.

Галоўнае цяпер – вызначыцца з аб’ёмамі і забяспечыць рэстаўратараў бесперапыннай працай.

На гэтым этапе ў замку ўжо закансерваваная Княжацкая вежа. Цяпер ідзе аднаўленне найлепш захаванай сцяны на ўсю вышыню 12 метраў.

Планавалася, што камянёў, якія ляжалі ля падножжа замку, хопіць для нарошчвання, таму іх няма ў бюджэце. Падчас кансервацыі астатніх сценаў закуп камянёў маюць улічыць, але гэта ўжо ў наступным годзе.

«У гэтым годзе заходняя. Потым, здаецца, плануецца паўночная. Далей – усходняя, паўднёвая. Гэта кансервацыя сценаў. Папярэдняя кансервацыя данжону была зробленая летась, і калі скончыцца рэстаўрацыя сценаў, будзе адбывацца рэканструкцыя данжону. Спадзяюся, да гэтага падыдзем», – кажа кіраўнік археалагічных прац у Крэве Алег Дзярновіч.

Аднаўляць у вежы плануюць усе пяць узроўняў, ды накрываць яе керамічнай дахоўкай.

Пакуль жа паўдзельнічаць у аднаўленні замку, ды прывезці свае камяні можа кожны.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел з Крэва

Стужка навінаў