Беларусы скардзяцца на прымус паставіць подпіс за Лукашэнку, Орда кажа, што гэта фэйк

Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і кіраўнік выбарчага штабу Аляксандра Лукашэнкі Міхаіл Орда адказаў на скаргі пра прымусовыя подпісы за Лукашэнку. У Facebook кіраўнік ФПБ апублікаваў на гэты конт сваё бачанне сітуацыі.

Міхаіл Орда, які ўзначальвае выбарчы штаб Лукашэнкі, у сваім Facebook напісаў, што яшчэ на пачатку збору подпісаў на «Нашай ніве» з’явілася артыкул пра тое, як у «незалежныя» СМІ зліваюцца фэйкавыя «навіны».

«Схема да банальнага простая. «На каленцы» фабрыкуецца нібыта афіцыйны ліст пра прымусовае ўключэнне людзей у ініцыятыўную групу існага прэзідэнта. Натуральна, што ўсе прозвішчы і імёны аказваюцца выдуманымі, як і факт прымусовага ўключэння ў групу», – піша Міхаіл Орда.

Кіраўнік ФПБ адзначае, што такая інфармацыя правяраецца, але нібыта ніводзін з выпадкаў не пацвердзіўся.

«Падобна на тое, што хтосьці проста адпрацоўвае грошы. Спадары, можа хопіць? У нашай краіне людзі падпісваюцца за вылучэнне існага прэзідэнта. Гэта – факт», – выказвае меркаванне Міхаіл Орда.

Насамрэч у рэдакцыі незалежных медыяў паступае шмат скаргаў ад беларусаў пра прымус паставіць свой подпіс за Аляксандра Лукашэнку. Такія ж звароты атрымлівае і «Белсат».

Гэтак гледачы нашага тэлеканалу з Нясвіжу паведамілі пра патрабаванне паставіць свой подпіс пад пагрозай звальнення. Падобныя паведамленні паступаюць з многіх гарадоў краіны. Пры гэтым людзі баяцца называць сваё імя і агучваюць інфармацыю на ўмовах ананімнасці. На кожны зварот чыноўнікі і кіраўнікі прадпрыемстваў сцвярджаюць, што такіх выпадкаў не існуе.

Прымус паставіць подпіс зʼяўляецца парушэннем выбарчага кодэксу, а ў прыватнасці 61 артыкулу: «Удзел адміністрацыі арганізацыі ў зборы подпісаў, таксама як і прымус у працэсе збору подпісаў і ўзнагарода выбарнікаў за ўнясенне подпісу, не дапускаюцца. Парушэнне гэтых патрабаванняў можа быць падставай для адмовы ў рэгістрацыі або адмены рашэння аб рэгістрацыі кандыдата на прэзідэнта».

Раней «Белсат» спрабаваў высветліць, колькі подпісаў за Лукашэнку сабралі некаторыя структуры «Белай Русі». Але ў офісах гэтай праўладнага абʼяднання распавялі, што арганізацыі асобна не вядуць падлік. Аляксандр Лукашэнка распавёў, што за чатыры дні ў Беларусі за яго сабралі 200 тысячаў подпісаў.

«Упершыню ёсць сур’ёзны адказ на пытанне: хто замест Лукашэнкі?»

СК belsat.eu

Hавiны