Беларусы Швецыі разам з мядзведзем пікетавалі супраць назвы «Беларасея»


Удзельнікі пікету ў Стакгольме.
Фота: Згуртаванне беларусаў Швецыі

15 кастрычніка згуртаванне беларускай дыяспары ў Швецыі «Sveriges Belarusier» зладзіла ў цэнтры Стакгольму пікет. На ім беларусы заклікалі новага міністра замежных справаў Ан Ліндэ канчаткова прыбраць з афіцыйнага ўжытку назву Беларусі «Vitryssland», што ў наўпроставым перакладзе азначае «Беларасія». Пра гэта паведамілі «Белсату» ў Згуртаванні беларусаў Швецыі.

Удзельнікі трымалі плакаты з лозунгамі «Мы – не белыя расейцы», «Ты – не белафін, я – не беларасеец», «Гэта не мы прысвоілі (Бела)Крым» і «Гэта не мы абралі (Бела)Пуціна». Адзін з удзельнікаў быў апрануты ў белага мядзведзя з шыльдай «Белы расейскі (не беларасейскі) мядзведзь» і абураўся тым, што яго блытаюць з беларусамі.

Белы мядведзь на пікеце беларусаў.
Фота: Згуртаванне беларусаў Швецыі

«Мы хочам каб Ан Ліндэ ўявіла сабе, як гэта адчуваецца, калі цябе кожны дзень блытаюць з іншым народам і асацыююць цябе з краінай, у якой за апошні час склалася вельмі адмоўная рэпутацыя сярод шведаў. Магчыма тады яна паставіцца да нашага закліку больш сур’ёзна», – кажа Леся Руднік, старшыня рады Беларусаў Швецыі.

«Гэта нармальна, калі краіна на розных мовах называецца па-рознаму. Але калі ў назве закладзеная назва іншай сучаснай краіны, ды яшчэ вельмі праблемнай краіны, гэта – праблема», – кажа Міхаіл Сэндэр, былы дырэктар беларускай інтэрнет-пляцоўкі «Куфар».

Плакаты ўдзельнікаў пікету.
Фота: Згуртаванне беларусаў Швецыі

Калі БССР (па-шведску «Vitryssland») у 1991 годзе афіцыйна змяніла назву на «Беларусь», гэтая змена аніяк не была зафіксаваная ў шведскай мове. Шведы працягвалі называць Беларусь «Vitryssland», што ў наўпроставым перакладзе азначае «Беларасея», а беларусаў – «vitryssar» («беларасейцы»). Пасля шматлікіх заклікаў беларускай дыяспары, Шведская Акадэмія пагадзілася ўнесці ў шведскі слоўнік новую назву для беларусаў – «belarusier». Гэтую назву, разам з новай назвай краіны «Belarus» паступова пачалі выкарыстоўваць некаторыя шведскія СМІ і арганізацыі. Беларуская амбасада ў Швецыі таксама ўжывае толькі «Belarus». У 2015 годзе шведскі МЗС пагадзіўся ўнесці новую назву «Belarus» у афіцыйны спіс назваў краін, але ў дужках побач са старой.

Дзеці абдымаюцца з мядзведзем на пікеце.
Фота: Згуртаванне беларусаў Швецыі

Паводле арганізатараў, з імі ўжо звязаўся афіцыйны прадстаўнік міністру замежных справаў, які запэўніў, што пытанне вынесена на павестку міністру.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў