Беларусы Швецыі ладзяць пікет супраць назвы «Беларасія»


Беларуская дыяспара ў Швецыі патрабуе ад шведскага МЗС перастаць называць іхных суайчыннікаў «беларасійцамі» і зрабіць новую шведскую назву Беларусі адзінай.

15 кастрычніка згуртаванне беларускай дыяспары ў Швецыі «Sveriges Belarusier» плануе зладзіць у цэнтры Стакгольму пікет, на якім будзе заклікаць новага міністра замежных справаў Анн Ліндэ (Ann Linde) канчаткова скасаваць з афіцыйнага ўжытку назву Беларусі «Vitryssland». Паводле словаў арганізатараў, папярэдні міністр МЗС Маргот Валстром (Margot Wallström) цягам некалькіх год пакідала звароты шведскіх беларусаў наконт назвы без адказу.

«Мы хочам каб Ан Ліндэ ўявіла сабе, як гэта адчуваецца, калі цябе кожны дзень блытаюць з іншым народам і асацыююць цябе з краінай, якую ўвесь час апісваюць як галоўную пагрозу бяспецы ў Еўропе. Магчыма тады яна паставіцца да нашага закліку больш сур’ёзна», – кажа Леся Руднік, старшыня рады Беларусаў Швецыі.

Hавiны
Студэнты ЕГУ пачалі штодзённыя пікеты дзеля абароны ўніверсітэту
2019.10.03 15:36

Калі БССР (па-шведску «Vitryssland») у 1991 годзе афіцыйна змяніла назву на «Беларусь», гэтая змена аніяк не была зафіксаваная ў шведскай мове. Шведы працягвалі называць Беларусь «Vitryssland», што ў наўпроставым перакладзе азначае «Беларасія», а беларусаў – «vitryssar» («беларасійцы»). Пасля шматлікіх заклікаў беларускай дыяспары Шведская Акадэмія пагадзілася ўнесці ў шведскі слоўнік новую назву для беларусаў – «belarusier». Гэтую назву, разам з новай назвай краіны «Belarus» паступова пачалі выкарыстоўваць некаторыя шведскія СМІ і арганізацыі. Беларуская амбасада ў Швецыі таксама ўжывае толькі «Belarus». У 2015 годзе шведскі МЗС пагадзіўся ўнесці новую назву «Belarus» у афіцыйны спіс назваў краін, але ў дужках побач са старой. На думку Беларусаў Швецыі, гэтага – недастаткова, бо захаванне старой назвы ў дзяржаўным спісе замінае пераходу грамадства да ўжытку новай.

Леся Руднік адзначае, што замяніць адно слова ў мове – нескладана. Паводле яе, гэта ўжо шмат разоў рабілася, калі Сіам памяняў назву на Тайланд, калі Бірму вырашылі называць М’янма, а Цэйлон – Шры Ланка. На яе думку, тут проста патрэбная палітычная воля.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў