Беларусы разам з расейцамі плануюць асвойваць Марс і Месяц


Беларусь можа далучыцца да расейскіх праграм у асваенні Марса і Месяца, адзначыў гендырэктар Абʼяднанага інстытуту праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Тузікаў.

Ён адзначыў, што беларускі і расейскі бакі абмеркавалі магчымасць пашырэння супрацы, пішуць Naviny.by са спасылкай на Informing.ru.

«У гэты раз была закранутая тэма магчымасці супрацы не толькі ў рамках саюзных праграм. Гаворка ішла таксама пра выкананне сумесных праектаў у межах нацыянальных касмічных праграм», – распавёў Тузікаў.

Паводле яго слоў, Беларусь можа ствараць апаратуру для расейскіх касмічных праектаў. Да таго ж, лічыць ён, беларускія адмыслоўцы назапасілі дастаткова вопыту і ведаў, «якіх, можа быць, няма ў расейскіх калег».

Кіраўнік беларускага прадпрыемства «Геаінфармацыйныя сістэмы» Сяргей Залатой пацвердзіў інфармацыю пра тое, што беларускія прадпрыемствы ўжо выконваюць шэраг заказаў для расейскай марсіянскай і месяцавай праграм.

Залатой падкрэсліў, што Беларусь стварыла «ўнікальныя ўстаноўкі для выпрабавання, стварэння пакрыццяў, якія добра сябе паводзяць пры ўваходзе ў шчыльныя слаі атмасферы». Да таго ж беларускія спецыялісты гатовы прыняць удзел у распрацоўцы марсахода.

МЯ, паводле naviny.by, informing.ru

Стужка навінаў