Беларусы раскупілі медычныя маскі. Але ці дапамогуць яны?


Абвестка ў аптэцы.
Фота: МГ / belsat.eu

Звесткі пра каронавірус у Беларусі прывялі да таго, што людзі сталі масава скупаць медычныя маскі. У выніку іх амаль не засталося ў аптэках. Але так карысныя гэтыя маскі для прафілактыкі заражэння – разбіраліся карэспандэнты «Белсату».

З шасці аптэк каля Чыгуначнага вакзалу ў Менску, якія мы абышлі, маскі былі ў дзвюх. І завезлі іх нядоўга перад нашым прыходам. У дзяржаўнай аптэцы на рагу вуліцы Кірава 10 штук можна набыць па цане 1 руб. 10 кап. за адну.

«А што гэта яны такія дзіўныя?» – пытаецца жанчына, што набывае тры маскі.

«Толькі завезлі такія», – кажа фармацэўт.

«А яны беларускія?» – удакладняе жанчына.

«Так», – адказвае фармацэўт.

Праз дарогу, таксама на Кірава, але ў недзяржаўнай аптэцы, маскі таксама ёсць, аднак прадаюцца ўжо па цане 1 руб. 40 кап.

А вось у дзвюх аптэках на Ленінградскай масак бракуе зусім. На дзвярах адной з іх нават павесілі адмысловую абвестку: «Масак медычных няма! (no masks) (аксалінавая мазь і антысептыкі для рук скончыліся)».

Абвестка ў аптэцы.
Фота: МГ / belsat.eu

«У нас пастаўшчык быў з Эстоніі, але яны ўжо даўно адмовіліся пастаўляць», – кажуць у суседняй аптэцы.

Няма масак і ў пераходзе да гандлёвага цэнтру «Сталіца». У адной з аптэк заявілі, што маскі скончыліся на мінулым тыдні, а ў другой іх няма «ужо тыдзень-два».

Пытанне асветы і рацыяналізму

Разам з тым доктар Антаніна Гулько ў размове з карэспандэнтам «Белсату» заявіла пра неэфектыўнасць маскі для прафілактыкі каронавіруса.

«Не адкрыю Амерыку, паўтарыўшы ўсім вядомыя асноўныя ісціны, нягледзячы на якія, чамусьці, людзі працягваюць апантана змятаць маскі з прылаўкаў. Без паглыблення ў этыялогію і патагенэз адзначу, што звычайная медычная маска не эфектыўная ў прафілактыцы каронавіруса», – адзначыла суразмоўца.

Паводле яе, нашмат большая рызыка заразіцца існуе праз брудныя рукі. Менавіта таму, адзначыла спецыяліст, асноўны метад прафілактыкі – гэта асабістая гігіена: частае і працяглае (15-20 секундаў) мыццё рук, пазбяганне кантакту нямытых рук з тварам (вачыма і носам) і г.д.

Абвестка ў аптэцы.
Фота: МГ / belsat.eu

«Нашэнне маскі з-за боязі заразіцца носіць больш псіхалагічны характар. Больш таго, гэта можа мець нават негатыўны ўплыў – прыбыванне ў масцы больш за 20 хвілін нагадвае знаходжанне ў неправетрываемым памяшканні. Звычайная медычная маска занадта тонкая, з вялікімі порамі і няшчыльна прылягае да твару, каб абараніць ад заражэння вірусам. Яна эфектыўная толькі, калі яе носіць хворы чалавек! У гэтым выпадку маска затрымлівае макроту пры кашлі і чыханні – што зніжае верагоднасць заразіць іншых», – дадала доктар.

Антаніна Гулько падкрэсліла, што празмернае і беспадстаўнае скупанне масак часцей за ўсё прыводзіць да недахопу іх для тых, хто насамрэч патрабуе іх нашэння – хворых людзей і медычнага персаналу.

«Апошнія непасрэдна кантактуюць з хворымі і сапраўды павінны мяняць медычныя маскі часта. Мяркую, гэта пытанне асветы і рацыяналізму», – дадала яна.

  • У Беларусі на гэты момант афіцыйна пацверджаныя тры выпадкі заражэння каронавірусам.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў