Стыхійныя пікеты цягам дня. Як пратэставалі ў дзень інаўгурацыі Лукашэнкі

Пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка таемна правёў сваю інаўгурацыю, у розных гарадах Беларусі людзі пачалі выходзіць на стыхійныя мітынгі. Мы сабралі найбольш яркія моманты першых гадзінаў пратэсту 23 верасня.

Менш чым праз гадзіну пасля інаўгурацыі ў Менску з’явіліся першыя пратэстоўцы. Людзі выйшлі на пр. Дзяржынскага.

У гэты ж час на вуліцы гораду выйшлі і сілавікі. Ля Палацу Незалежнасці затрымалі жанчыну і хлопца, яны трымалі ў руках плакаты «Саша забери трудовую» і «Ну и кто тут крыса?». Спісы затрыманых абнаўляе на сваім сайце праваабарончы цэнтр Вясна.

Людзі станавіліся ў ланцугі ва ўсіх раёнах сталіцы.

Акцыі пратэсту зладзілі студэнты МДЛУ, ФПМІ, БДУІР і БДУ.

Цэнтр горада перакрылі сілавікі. Так а пачатку на другую нельга было праехаць па Гарадскім Вале. Пазней рух спынілі па пр. Незалежнасці.

Фота: «Белсат»

На Курасоўшчыне людзі патрабавалі адстаўкі Лукашэнкі.

Фота: «Белсат»

На вуліцы Ваўпшасава заўважылі вадамёт, які рухаўся ў бок цэнтру. Былі ппратэсты і на Пушкінскай, але людзей разагналі сілавікі.

Менск падтрымалі і іншыя гарады.

Супрацоўнікі шэрагу ўстановаў у цэнтры Менску, у тым ліку дзяржаўных, сёння скарацілі працоўны дзень. Іх у тэрміновым парадку адпраўлялі дадому.

Да плошчы Незалежнасці ў Менску з’ехаліся аўтазак. Таксама шмат аўтазакаў сцягнута на Нямігу да Палацу Спорту.

Людзі пачалі абвяшчаць сябе каралямі, каралевамі, вялікімі князямі і іншымі кіраўнікамі краіны.

Сілавікі ачапілі пл. Незалежнасці, выстраіліся ўздоўж праспекту, але на пачатку сёмай гадзіны разашліся.

У мікрараёне Усход-1 прайшла экстрэнная інаўгурацыя маманта Ануфрыя Першага.

Ануфрый Першы паабяцаў захаванне неалітычнага спакою на тэрыторыі мікрараёна і запэўніў, што дасць адпор любым польскім саблезубым тыграм.

Фота: «Белсат»

Горадня. Чалавек 70 у ланцугу ля Кароны на пр. Касманаўтаў. Са сцягамі.

Магілёў. А шостай гадзіне вечара на плошчы перад ГЦ «Атрыўм» каля 2 дзясяткаў міліцыянтаў, вакол стаіць транспарт з АМАПам, дзяжурыць ДАІ. Супрацоўнікі ў цывільным таксама тут. Грамадскі транспарт ля плошчы часова не спыняўся. А палове на сёмую сілавікі забралі маладых людзей з бчб-сцягам. Увечары на плошчы перад ГЦ «Атрыўм» было болей супрацоўнікаў МУС, чым грамадзян.

У Віцебску да месца, дзе сёння збіраюцца людзі, падагналі аўтазак і аўтобус з міліцыяй.

Фота: «Белсат»

Увечары 23 верасня ў Менску адбыліся брутальныя затрыманні пратэстоўцаў. Падрабязней тут.

Людзі выйшлі на акцыю пратэсту пасля таго, як Лукашэнка правёў таемную інаўгурацыю. Сілавікі пачалі затрыманні. Менск, Беларусь. 23 верасня 2020 г. Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu
  • Паводле афіцыйных звестак, 9 жніўня на прэзідэнцкіх выбарах перамогу атрымаў Аляксандр Лукашэнка, які кіруе Беларуссю з 1994 года. Разам з тым апаненты лічаць вынікі выбараў сфальсіфікаванымі, а іх сапраўдным пераможцам – Святлану Ціханоўскую.
  • Ад 9 жніўня ў Беларусі працягваюцца няспынныя пратэсты, на нядзельных акцыях колькасць удзельнікаў рэгулярна перавышае 100 тысяч чалавек. Супраць дэманстрантаў улады ўжываюць гвалт і затрыманні. Паводле падлікаў праваабаронцаў, з пачатку выбараў у Беларусі былі затрыманыя больш за 14 тыс. чалавек, шмат з іх былі збітыя, некаторыя былі згвалтаваныя, па меншай меры 6 чалавек загінулі. Паводле крымінальных справаў затрыманыя больш за 250 чалавек.

Hавiны