Беларусы Нямеччыны разам звярнуліся да прадстаўнікоў пасольства


Больш за 350 беларусаў, якія пражываюць на тэрыторыі ФРГ заклікалі пасла Беларусі ў Нямеччыне Дзяніса Сідарэнку і ўсіх супрацоўнікаў пасольства публічна выказаць сваю пазіцыю ў адносінах да супрацьзаконнага ўтрымання ўлады Аляксандрам Лукашэнкам, а таксама ў адносінах да незлічоных фактаў парушэння Канстытуцыі і законаў краіны.

Пікет беларусаў Нямеччыны за спыненне палітычных рэпрэсіяў на радзіме. Фота дасланае дыяспарай

Грамадзяне ўспамінаюць аб бясспрэчных, якія сталі вядомымі ўсяму свету, шматлікіх фактах ужывання гвалту пры затрыманнях і катаваннях у дачыненні да тых, хто мірным шляхам дамагаюцца сыходу ўлады, за якую не галасавалі.

Беларусы Нямеччыны заклікалі пасла Рэспублікі Беларусь падтрымаць патрабаванне беларускага народа аб вызваленні ўсіх палітычных зняволеных і правядзенні сумленных і празрыстых выбараў.

Беларусы, якія пражываюць у, бадай, самай уплывовай краіне Еўразвязу, і раней адсылалі пісьмовыя звароты і петыцыі ў пасольства з заклікам, каб тыя сталі на бок беларускага народа. Створаныя да і пасля жнівеньскіх выбараў разнастайныя ініцыятывы спрабавалі наладзіць дыялог з пасольствам. Напрыклад, беларускае аб’яднанне Razam звярталася ў пасольства РБ з просьбай аб сустрэчы, аднак атрымала адмову. Наступныя звароты сябраў абʼяднання і заклікі да пасольства выказаць сваю пазіцыю ў дачыненні да сітуацыі ў Беларусі былі праігнараваныя.

З 8 верасня кожны працоўны дзень пры арганізацыі актывістаў Тараса Сякерка і Міхаіла Таўбе перад будынкам афіцыйнага прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Федэратыўнай Рэспубліцы Нямеччына праходзяць акцыі і адзіночныя пікеты, закліканыя звярнуць увагу беларускага прадстаўніцтва і мясцовай грамадскасці на вострую сітуацыю ў Беларусі.

Лукашэнка не легітымны, свабоду палітвязням – патрабаванні беларускай дыяспары ў Нямеччыне. Фота дасланае дыяспарай

Подпісы пад зваротам былі сабраныя на акцыях салідарнасці ў Дзюсельдорфе, Браўншвайгу, Берліне і Патсдаме, а таксама ў сетцы. Лісты былі дастаўленыя амбасадару 2, 3, 7 кастрычніка.

ЮЦ/ІР Belsat.eu

Стужка навінаў